Ганна Гуськова не змагла адбрацца ў другі фінал фрыстайлістак
- 18.02.2026, 17:52
Беларусь упершыню за 28 гадоў засталася без алімпійскіх медалёў у лыжнай акрабатыцы.
Беларускія спартоўцы ўпершыню з 1998 года засталіся без алімпійскіх медалёў у фрыстайле (лыжная акрабатыка), піша «Позірк».
Пра гэта стала вядома пасля таго, як у фінале Алімпійскіх гульняў, што праходзяць у Італіі, чэмпіёнка 2018 года і сярэбраная прызёрка 2022-га Ганна Гуськова заняла 8-е месца.
Беларускія фрыстайлісткі Анастасія Андрыянава і Ганна Дзеруго занялі 16-е і 17-е месцы, не прабіўшыся ў фінал.
Акрамя Гуськовай, медалі ў лыжнай акрабатыцы для Беларусі на Алімпійскіх гульнях заваёўвалі Дзмітрый Дашчынскі (3-е месца ў 1998-м і 2-е ў 2006 годзе), Аляксей Грышын (3-е ў 2002-м, 1-е ў 2010-м), Ала Цупер і Антон Кушнір (1-е ў 2014-м).
Таксама 18 лютага стала вядома, што беларуская фігурыстка Вікторыя Сафонава не змагла кваліфікавацца ў фінал, заняўшы 26-е месца. У вольнай праграме 19 лютага выступяць 24 фігурысткі.
Раней без медалёў завяршыла выступленні на Алімпіядзе лыжніца Ганна Каралёва.
Беларуска Марыя Шканава заняла 37-е месца (з 95) у слаламе 18 лютага.
21 лютага ў мас-старце выступіць беларуская канькабежка Марына Зуева.
Калі Зуева не зможа падняцца на п'едэстал (яе шанцы ацэньваюцца скептычна), беларускія спартоўцы, якія сёлета выступаюць у нейтральным статусе, упершыню пасля набыцця краінай незалежнасці застануцца без медалёў на зімовых Алімпійскіх гульнях.