Украінскія афіцыйныя асобы будуць байкатаваць Паралімпійскія гульні з-за Беларусі
- 18.02.2026, 19:17
Кіеў заявіў, што сцягам Расіі і Беларусі не месца на міжнародных спаборніцтвах.
Афіцыйныя асобы Украіны не будуць прысутнічаць на зімовай Паралімпіядзе-2026 у Італіі «ў адказ на абуральнае рашэнне арганізатараў Паралімпійскіх гульняў дазволіць расіянам і беларусам спаборнічаць пад іх нацыянальнымі сцягамі», — напісаў у сацсетцы Х міністр спорту Украіны Мацвей Бідны.
«Мы не будзем прысутнічаць на цырымоніі адкрыцця. Мы не возьмем удзел ні ў якіх іншых афіцыйных мерапрыемствах Паралімпійскіх гульняў. Мыдзякуем кожнаму чыноўніку свабоднага свету, які зробіць тое самае», — заявіў украінскі міністр.
Украінскія атлеты ў саміх Гульнях будуць браць удзел.
Бідны назваў «разчаравальным і абуральным» рашэнне арганізатараў Паралімпійскіх гульняў «дазволіць забойцам і іх саўдзельнікам спаборнічаць пад нацыянальнымі сцягамі».
«Прыкра, што кіраўніцтва міжнародных недзяржаўных арганізацый спрабуе ігнараваць відавочнае: Расія выкарыстоўвае ўразлівасці адкрытых грамадстваў і міжнародных структур для нармалізацыі сваіх злачынстваў», — падкрэсліў чыноўнік.
Паводле слоў Біднага, сцягам Расіі і Беларусі «не месца на міжнародных спартыўных мерапрыемствах, якія сімвалізуюць справядлівасць, сумленнасць і павагу».
«Гэта сцягі рэжымаў, што ператварылі спорт у інструмент вайны, хлусні і пагарды», — заявіў ён.