BE RU EN

«Для расіян многія тавары стануць менш даступнымі»

  • 18.02.2026, 21:39

У Расіі пачаліся праблемы з паралельным імпартам.

Барацьба за абелванне імпарту дзеля напаўнення бюджэту ўдарыла па пастаўках тавараў у Расію. Незалежныя імпарцёры паведамляюць пра праблемы з увозам адзення, абутку, гаджэтаў вядомых брэндаў, піша The Moscow Times.

Расійскія рэгулятары масава адклікаюць сертыфікаты і дэкларацыі адпаведнасці на прадукцыю, якая ўвозіцца паралельным імпартам, гэта значыць без згоды праваўладальніка. Гэтыя дакументы неабходныя для рэалізацыі многіх тавараў — ад дзіцячых цацак і адзення да камп'ютараў, аўтамабільных запасных частак і прамысловага абсталявання.

Расія ў межах работы па «абелванні» эканомікі будзе жорстка абараняць унутраны рынак ад недабрасумленнага імпарту, у тым ліку таго, што паступае ў Расію з краін Еўразійскага эканамічнага саюза, папярэдзіў віцэ-прэм'ер Аляксей Аверчук. Барацьба з «шэрымі» сертыфікатамі адпаведнасці, якія афармляюцца на тэрыторыі краін ЕАЭС без правядзення належнай экспертызы, паводле яго слоў, — гэта адзін са спосабаў абароны, разам з запускам сістэм кантролю здзелак і ўзмацненнем праверак на межах.

Па яго словах, калі Расія пачала ўзмацняць кантроль за якасцю імпарту, выдача сертыфікатаў і дэкларацый адпаведнасці пачала перацякаць у іншыя краіны ЕАЭС: «Прадукцыя, што паступае на наш рынак на падставе такіх дакументаў, не толькі стварае недабрасумленную канкурэнцыю расійскім таварвытворцам, але і ўяўляе небяспеку для спажыўца».

Маштаб праблемы вялікі: напрыклад, з атрыманых у мінулым годзе сертыфікатаў на прадукцыю лёгкай прамысловасці 69% выдадзены лабараторыямі ЕАЭС. Усяго паралельным імпартам у Расію ўвозіцца больш за 8% тавараў, вынікае з даных ФТС. Увесь імпарт у мінулым годзе склаў $279 млрд, а паралельным імпартам за 11 месяцаў было ўвезена тавараў на $20,9 млрд.

З канца 2025 г. Дзяржкантроль і Расакрэдытацыя атрымалі права прыпыняць дзеянне сумніўных сертыфікатаў, выдадзеных у краінах ЕАЭС.

Міністр эканамічнага развіцця Максім Рэшэтнікаў у студзені наракаў на надзвычай маруднае прыпыненне выдадзеных з парушэннямі дакументаў — анулявана ўсяго 27 сертыфікатаў і дзве дэкларацыі, нішчожная колькасць ад агульнай. Каб паскорыць працэс, урад на пачатку лютага дазволіў Расакрэдытацыі прыпыняць адразу ўсе сертыфікаты тых цэнтраў, у якіх цягам года былі прыпынены прынамсі тры сертыфікаты.

Ведамства аператыўна скарысталася гэтым правам, паведаміўшы пра прыпыненне дзеяння ў Расіі сертыфікатаў адпаведнасці, якія на працягу года з 9 лютага выдадзены трыма лабараторыямі ў Кіргізстане (ООО «Центр сертификации «Мурас», ООО «Центр Сертификации и Испытаний», ООО «Эксперт-Лайн»). Прадукцыю з іх сертыфікатамі нельга будзе ўвезці і прадаваць у Расіі. Гэта папулярныя арганізацыі, кажуць імпарцёры. Паводле дадзеных Расакрэдытацыі, за 2025 г. гэтыя тры цэнтры выдалі больш за 15,5 тыс. сертыфікатаў. Праўда, дакументы, выдадзеныя да 9 лютага, пакуль дзейнічаюць.

Палітыка ўладаў можа стварыць у Расіі дэфіцыт тавараў, якія паступаюць паралельным імпартам, папярэджваюць імпарцёры. Яны прызнаюць, што шэраг сертыфікацыйных цэнтраў у тым жа Кіргізстане мог выдаваць сертыфікаты без належнай працэдуры выпрабаванняў, але тлумачаць гэта тым, што інакш было проста немагчыма з-за адсутнасці патрэбнага абсталявання. Справа ў тым, што ў ЕАЭС з 2022 г. афармляліся сертыфікаты на тавары, пастаўкі якіх іх вытворцы фармальна забаранялі ў Расію — ад адзення і абутку Adidas і Nike да тэхнікі Apple, не кажучы ўжо пра санкцыйныя тавары.

«Зразумела, што ніхто з гэтых вытворцаў, нават калі яны насамрэч і хочуць прадаваць тут сваю прадукцыю, не выдасць дакументацыю і афіцыйна не прадаставіць узоры для правядзення выпрабаванняў у Расіі, вось і знаходзілі лазейку — афармлялі ўсё ў ЕАЭС, часта з нефармальнай згоды брэнда. Іншая справа, што там было мала або ўвогуле не было лабараторый, здольных правесці шэраг патрэбных для асобнай прадукцыі выпрабаванняў», — тлумачыць уладальнік гандлёвага дома, які займаецца імпартам тавараў у Расію.

«Ну і карупцыю, жаданне зэканоміць час і грошы ніхто не адмяняў, таму лабараторыі часам куплялі недзе пратаколы выпрабаванняў, а імпарцёры куплялі ў іх сертыфікаты. Часам гэта былі наогул фальшывыя паперкі, за якімі не стаіць ніякіх праверак і пратаколаў», — прызнае ён. Але цяпер усе сертыфікаты, якія выклікаюць пытанні, прыпыняць, і гэта істотна запаволіць паралельны імпарт.

Пад пагрозай прыпынення цяпер сертыфікаты на электроніку Apple, ASUS, HP, Dell, LG Electronics, Bosch, Philips, на запасныя часткі для Volkswagen, Toyota і Nissan, на адзенне і абутак Nike, Puma і Under Armour, паводле даных Mash. У такім выпадку іх імпарцёрам давядзецца шукаць іншыя лабараторыі, магчыма нават у іншых краінах, і пераафармляць дакументы, а гэта запатрабуе часу і грошай, прызнаюць удзельнікі рынку. Ужо ануляваныя як мінімум 10 сертыфікатаў адпаведнасці на абутак і адзенне ад Adidas з-за адсутнасці пратаколаў выпрабаванняў, што прывяло да затрымак паставак некаторых мадэляў для анлайн-рытэйлера Lamoda.

Але ўрад не збіраецца спыняцца. Пакуль дзеянне сертыфікатаў прыпыняюць на год, але Расія распрацуе механізм іх поўнага адклікання, паабяцаў Рэшэтнікаў дэпутатам.

«Усё зразумела. Падстава пра абарону спажыўцоў ад неякаснага імпарту — прыстойная, праблема з якасцю сапраўды ёсць, але мы бачым, што ўлады ў цэлым стараюцца абмежаваць магчымасці ўвозіць тавары без поўнага мытнага афармлення ў Расіі, — разважае буйны імпарцёр. — Бюджэту, вядома, патрэбныя грошы, але ж так для расіян стануць менш даступнымі многія звыклыя тавары, якія цяпер ідуць паралельным імпартам праз ЕАЭС».

Сёлета паралельны імпарт працягне скарачацца, прагназуе Мінпрамгандаль.

Апошнія навіны