У зборнай Беларусі па фрыстайле раскрытыкавалі судзейства ў фінале Алімпіяды
- 18.02.2026, 22:58
Былы галоўны трэнер каманды лічыць інакш.
Пасля канчатковых вынікаў у лыжных акрабатак на Гульнях у Італіі ў стане зборнай Беларусі раскрытыкавалі суддзяў, паведамляе sport5.by.
«Я зрабіла ўсё на 100%. Вы самі бачылі, што было чыста і добра. А далей ужо… Усё залежала ад суддзяў. У мяне няма каментарыяў. Калі б я дзе-небудзь упала, магла б вінаваціць сябе і казаць, што не зрабіла ўсё на 100%, але я гэта зрабіла», — сказала Ганна Гуськова.
Паводле слоў беларускай, ёй і іншым калегам па зборнай «пры жыцці трэба паставіць помнікі, што за такі кароткі тэрмін з дзяўчатамі здолелі адбрацца на Алімпіяду і паказаць усё, на што здольныя».
«У мяне цяпер такі стан, калі я проста ў шоку і не разумею, што адбылося. Але рада, што выканала сваю праграму. Некаторыя скачкі давялося рабіць адразу. Як кажуць, майстэрства не прап'еш», — дадала Ганна.
А вось шматгадовы настаўнік зборнай Беларусі па фрыстайле Мікалай Казёка, якога фактычна адхілілі ад практычнай працы за яго грамадзянскую пазіцыю пасля падзей у 2020 годзе, убачыў прычыну не самага высокага выніку Гуськовай у іншым, піша betnews.by.
— У прынцыпе гэтыя скачкі Ганна рабіла ўжо трэцюю Алімпіяду. Іншая справа, што арбітры глядзяць на выступленні алімпійскай чэмпіёнкі Пхёнчхана і сярэбранай медалісткі Пекіна, і ім хочацца, каб такая праслаўленая спартсменка рухалася наперад і ўскладняла праграму ў адпаведнасці са сваімі рэгаліямі. Таму высокіх балаў ад іх чакаць не даводзілася. У фінале трэба было паказаць, што Ганна па-ранейшаму фаварыткай. Тут, лічу, відавочны пралік яе або трэнерскага штабу — дакладна не ведаю, для гэтага трэба быць у гушчы падзей. Трэба было адразу заяўляць патройнае сальта з двума піруэтамі, якое Гуськова паспяхова і выканала — у другой спробе. Тады яна трапіла б у шасцёрку, якая і павяла б спрэчку за медалі. Але Ганна, як мы бачылі, зноў выканала скачок з кваліфікацыі і апынулася толькі дзясятай [пасля першага скачка ў фінальным раундзе].
Паводле меркавання Казёкі, якасць скачкоў у фінале Алімпіяды была «вельмі высокай» — адразу восем чалавек набралі больш за 100 балаў.
Спецыяліст таксама назваў Гуськову «суперспартсменкай» і выказаў шкадаванне, што скончыла кар'еру «надзвычай таленавітая» чэмпіёнка свету 2019 года Аляксандра Раманаўская, якую пасля жніўня 2020-га звольнілі са зборнай нібыта з-за прагулаў.