Расія пагражае ўжыць ВМФ у выпадку блакады на Балтыцы
- 19.02.2026, 3:20
Патрушаў выступіў з абвінавачаннямі.
Расія задзейнічае свой ваенна-марскі флот у выпадку блакады на Балтыцы і немагчымасці ўрэгуляваць сітуацыю мірным шляхам. Пра гэта заявіў у інтэрв’ю газеце «Аргументы і факты», апублікаваным у аўторак, 17 лютага, памочнік прэзідэнта Расіі Мікалай Патрушаў, які адначасова з’яўляецца старшынём Марской калегіі РФ, паведамляе «Нямецкая хваля».
«У якасці першага кроку мы задзейнічаем агульнапрызнаныя палітычна-дыпламатычныя і прававыя механізмы», — заявіў Патрушаў. «Калі мірным шляхам урэгуляваць гэтую сітуацыю не атрымаецца, то блакаду будзе прарываць і ліквідаваць ваенна-марскі флот», — дадаў Патрушаў, які ў пачатку 2000-х гадоў займаў пасаду дырэктара Федэральнай службы бяспекі (ФСБ) РФ.
Патрушаў: НАТА стварае наступальную групоўку
Мікалай Патрушаў сцвярджае, што НАТА «фактычна стварае шматнацыянальную групоўку, арыентаваную на наступальныя дзеянні», і што Фінляндыя аснашчае ВМС карвэтамі з ударным узбраеннем, якое «цалкам дасягае» паўночна-заходніх рэгіёнаў РФ.
Паводле Патрушава, Паўночнаатлантычны альянс плануе заблакаваць Калінінградскую вобласць і перакрыць Расіі доступ да мораў, «як мінімум у Атлантычным басейне». «Не будзем забываць, што пад еўрапейскімі сцягамі па морах ходзіць мноства суднаў. Нам таксама можа стаць цікава, што яны перавозяць і куды», — папярэдзіў памочнік прэзідэнта РФ.
«ВМФ РФ выконвае задачы па абароне марскога гандлю з даволі высокім напружаннем сіл»
Адначасова ён прызнаў, што расійскі ваенна-марскі флот «выконвае задачы па абароне марскога гандлю з даволі высокім напружаннем сіл». Караблёў далёкай марской і акіянскай зоны, здольных доўгі час аўтаномна дзейнічаць на значнай адлегласці ад баз, патрабуецца значна больш, заявіў Мікалай Патрушаў.
Краіны Захаду абвінавачваюць Маскву ў тым, што яна з дапамогай суднаў «ценявога флоту» абыходзіць заходнія санкцыі на экспарт нафты. Гэтыя судны часта зарэгістраваныя ў юрысдыкцыях з нізкім узроўнем кантролю або праз складаныя ланцужкі падстаўных кампаній і не раскрываюць маршруты транспартавання і склад вантажу.
Па стане на люты 2025 года пад санкцыямі Еўрасаюза знаходзіліся 153 танкеры, Вялікабрытаніі — 133, ЗША — 183. У той жа час адміністрацыя Дональда Трампа адмовілася ад прапановы Канады стварыць мэтавую групу для маніторынгу парушэння санкцый.