BE RU EN

Пра што змаўчаў Лукашэнка падчас чарговага цырка на публіку

  • 19.02.2026, 9:20

Праблема мучыць дыктатара ўжо не першы год.

Страчваць свой рынак — гэта злачынства. Даслоўна так заявіў Аляксандр Лукашэнка, які нядаўна слухаў гадавы даклад беларускага ўрада і лаяў яго за невыкананыя паказчыкі. Асобна яго абурыла падзенне долі айчынных тавараў на ўнутраным рынку. Маўляў, за пяць гадоў скарачэнне ў агульным аб’ёме гандлю з 60 да 54% — як так?

Варта адзначыць, што кіраўнік прывёў дакладныя лічбы. Сапраўды, за 2025 год у рознічным гандлі прадавалася ўсяго 54,4% беларускіх тавараў (доля нехарчовых апусцілася ніжэй за 35%). Пры гэтым у 2020 годзе карціна ў розніцы выглядала крыху лепш: удзельная вага айчынных тавараў у рознічным гандлі — 59,8% (77,1% харчовых і 40,9% нехарчовых).

Але справа ў тым, што гэтыя праблемы ўзніклі не сёння і нават не пяць гадоў таму. «Салідарнасць» паглядзела, як так атрымалася і з каго насамрэч варта было б спытаць за альтэрнатыўныя эканамічныя поспехі.

Ні танна, ні добра

Беларусы выдатна бачаць, як кіраўнік, які шмат гадоў заклікае адмовіцца ад усялякіх «Gucci і Versace», сам красуецца не ў касцюмчыках ад «Камінтэрна» і не ў гадзінніках «Луч». Але пра што яшчэ змаўчаў Лукашэнка падчас чарговага разносу на публіку — дык пра тое, як доўга цягнуцца негатыўныя тэндэнцыі.

А дынаміка за апошнія 20 гадоў паказальная і вельмі сумная. Бо ў 2005 годзе доля тавараў айчыннай вытворчасці ў рознічным тавараабароце складала 80,4%. Пры гэтым у харчовым сегменце — 86,9%, у нехарчовым — 70,8%. З тых часоў гэтыя паказчыкі амаль увесь час зніжаліся. І гэта куды непрыемней для Лукашэнкі — бо міністры і кіраўнікі канцэрнаў змяняліся, а ўказанні працягваў раздаваць ён.

За апошнія пяць гадоў доля айчынных тавараў у рознічным продажы прыкметна падрасла толькі аднойчы — у 2022 годзе, дадаўшы 1,7 працэнтнага пункта.

Ці разумеюць самі ўлады, што адбываецца? Безумоўна. Калі ў пачатку 2020 года МАРТ планаваў нарасціць долю айчыннага на ўнутраным рынку да 80%, то ў мінулым годзе ўжо новы міністр гандлю казаў пра «стратэгічную мэту не менш за 63%». Але не змаглі.

Асабліва сур’ёзнае падзенне, да гістарычнага мінімуму, адбылося за апошнія два гады — прычым за кошт нехарчовых тавараў. У прыватнасці, халадзільнікаў, маразільнікаў, будаўнічых матэрыялаў, адзення і абутку.

Чаму так? А таму, што пасля «прасядання» ў 2022 годзе рэальныя даходы беларусаў тады заўважна выраслі (прычым, нагадаем, апярэджвалі прадукцыйнасць працы — працадаўцы былі вымушаныя канкурыраваць за работнікаў). І, атрымаўшы магчымасць выбару, людзі выбіралі імпарт.

Цяпер рост даходаў запаволіўся. Гэты паказчык «тармозіць», паколькі запавольваецца ўся беларуская эканоміка. Ці азначае гэта, што беларусы вымушана павернуцца тварам да айчынных тавараў, на якія да таго ж можна ўзяць больш выгадныя крэдыты? Зусім не факт.

— Запаволенне росту рэальных заробкаў мы назіралі на працягу амаль усяго 2025 года, — адзначае ў каментары «Салідарнасці» эканамістка Анастасія Лузгіна. — Што цалкам чакана пасля бурнага росту. Але запаволенне — не значыць падзенне, рост усё роўна ёсць. Магчыма, і ў 2026 годзе ён захаваецца, хай і не дасягне двухзначных значэнняў, на ўзроўні 4–6%.

Эканамістка кажа, што ўлады могуць прыняць шэраг мер для стрымлівання імпарту і прасоўвання айчынных тавараў — павысіць пошліны, працягнуць ліцэнзаванне імпарту, увесці для яго новыя абмежаванні. А паралельна — працягваць выдаваць льготныя крэдыты на айчынныя тавары, каб стымуляваць попыт.

Але рэзкага скачка продажаў беларускіх тавараў чакаць наўрад ці варта. Хоць еўрапейскія тавары праз санкцыі і складанасці лагістыкі сталі для нашых суайчыннікаў больш дарагімі, ніхто ж не адмяняў кітайскі і расійскі імпарт. А канкураваць з кітайскімі таварамі па суадносінах «кошт-якасць» беларускім вытворцам вельмі складана.

— Крэдыты «На родныя тавары» выдаюць ужо два гады, а доля продажаў беларускіх нехарчовых тавараў усё роўна падае — выходзіць, гэты спосаб не працуе?

— Нібыта праграма працуе, і льготныя крэдыты на айчынныя тавары бяруцца. Але, судзячы па статыстыцы, іх доля складае менш за 10% у адносінах да агульнага аб’ёму спажывецкага крэдытавання. Плюс, такога роду крэдыты можна ўзяць толькі на пэўныя віды айчыннай прадукцыі.

Што трэба змяняць «у кансерваторыі»

Беларускія ўлады гадамі закачваюць бюджэтныя сродкі ў стратныя прадпрыемствы — лёгкай прамысловасці, машынабудавання, дрэваапрацоўкі, у вытворчасць бытавой тэхнікі і г.д. І тым самым — пра што неаднаразова папярэджвалі незалежныя эксперты — аказваюць прадпрыемствам мядзведжую паслугу. Не «захоўваюць працоўныя месцы» і «берагуць унікальныя вытворчасці», а робяць іх прадукцыю ўсё менш канкурэнтаздольнай без дзяржаўнай падтрымкі.

Даступныя крэдыты робяць куплю айчыннага крыху больш прывабнай. Але ж якасць прадукцыі не паляпшаецца.

І зусім не дзіўна: летась беларусы галасавалі рублём «супраць» айчыннага абутку, на які было як ніколі шмат нараканняў (як тут не ўзгадаць патэтычнае лукашэнкаўскае «хапае ў нас тых скур, абутак можам пашыць!»), супраць дарагой і несучаснай вопраткі, вытворцы якой ніяк не могуць выйграць крыжовы бой з сэканд-хэндам. І нават супраць айчыннай туалетнай паперы — звароты да спажывецкага патрыятызму чамусьці не спрацоўваюць пры выглядзе і на дотык шэрых, тонкіх, жорсткіх рулонаў.

Кіраўніца Белстата Інна Мядзведзева канстатавала: у 2025 годзе больш за палову прадпрыемстваў Мінпрама скарацілі вытворчасць — але нават пры падзенні выпуску прадукцыя не прадаецца. А складскія запасы растуць і на пачатак 2026-га ўжо перавышаюць 12 мільярдаў рублёў. Як жа гэта ўсё прадаць?

«У вашым распараджэнні ўсе рычагі, аж да адміністратыўнага. Чаму не прымаеце меры? Дзе вашы стратэгіі, агрэсіўныя механізмы абароны, рэклама, маркетынг?» — пытаўся з гэтай нагоды Лукашэнка.

А гэта дакладна дапаможа?

— Можна прыняць нямала адміністрацыйных рашэнняў, але калі канкрэтны чалавек выбірае, што купіць — ён робіць выбар паводле законаў рынку, — кажа Анастасія Лузгіна. — Мы купляем тое, што нам здаецца больш прывабным, падбіраючы для сябе аптымальнае спалучэнне цаны і якасці. І, судзячы па дынаміцы долі айчынных тавараў у агульным спажыванні, выбар людзей — не на карысць беларускіх тавараў.

Нават па харчовых таварах, доля якіх заўсёды была значнай (і дагэтуль беларусы купляюць у асноўным менавіта свае, беларускія прадукты), мы бачым зніжэнне. І паралельна гэтую ж тэндэнцыю можна пацвердзіць па знешнім гандлі: за студзень—лістапад 2025 года доля імпартных харчовых тавараў вырасла больш чым на 25%.

— А ўлады ў гэтым «дапамагаюць». З аднаго боку, уліваюць грошы ў стратныя вытворчасці, чыя прадукцыя неканкурэнтаздольная і крэдыты няма з чаго аддаваць, а з другога боку, вытворцы, можа, і рады прадаць сваё — сваім, але ж у нас дзяржаўнае рэгуляванне цэн! Гэты замкнёны круг наогул можна разбіць?

— Гіпатэтычна можна, калі перабудоўваць сістэму на больш рынкавыя спосабы рэгулявання і працу саміх кампаній. Але цяпер дзейнічаюць настолькі жорсткія абмежавальнікі, у тым ліку цэнавыя, што гэта зрабіць складана.

І другі момант: калі параўнаць з сітуацыяй пяці-шасцігадовай даўнасці, то некаторыя тавары мы маглі вырабляць часткова за кошт еўрапейскіх камплектуючых. А сёння рынак Еўропы вельмі абмежаваны для Беларусі, што таксама магло пагоршыць якасць тавараў, якія вырабляюцца ў нашай краіне.

Плюс, безумоўна, сам падыход: падтрымка стратных кампаній, давядзенне планавых паказчыкаў (часцяком не разбіраючыся, наколькі патрэбна выконваць гэты план, ці прадпрыемству варта наогул пайсці ў іншым кірунку). У выніку беларускія вытворцы страчваюць пазіцыі і на знешніх рынках, і ўнутры краіны, нягледзячы на актыўны рост попыту і даходаў людзей.

Калі нічога не змяняць «у кансерваторыі», прагназуе экспертка, то імпарт працягне цясніць беларускія тавары, хай і больш павольнымі тэмпамі, або застанецца на тым жа ўзроўні. А падключэнне адміністрацыйных рычагоў можа палепшыць сітуацыю, але не кардынальна зламаць яе на карысць «купляць сваё».

Апошнія навіны