Тэлефонныя махляры прыдумалі новую схему
- 19.02.2026, 13:07
На гэты раз — з «выкраданнем» дзяцей.
У тэлефонных махляроў новая схема. Яны інсцэніруюць выкраданне дзіцяці і патрабуюць выкуп у бацькоў. Пра гэта падрабязна расказалі ў прэс-службе МУС.
У міліцыю звярнулася мінчанка, якой паведамілі пра выкраданне яе 15-гадовай дачкі. Жанчыне даслалі фота дзіцяці і пакоя кватэры і патрабавалі перавесці грошы на крыптакашалёк. Пры гэтым дзіцяці ў доме сапраўды не было.
Высветлілася, што напярэдадні 15-гадовай школьніцы ў мэсэнджар патэлефанаваў нібыта кур’ер маркетплэйса і папрасіў удакладніць адрас дастаўкі, электронную пошту і прадыктаваць код з паведамлення, што яна і зрабіла. Пасля гэтага з дзяўчынкай звязаліся «супрацоўнікі міліцыі».
Ёй расказалі, што ад яе імя зламыснікі робяць незаконныя пералічэнні за мяжу. У выніку, каб бацькоў не пасадзілі ў турму, а яе саму не аддалі ў прытулок, дзяўчынку пераканалі абшукаць дом у пошуках грошай.
Грошай яна не знайшла. Пасля гэтага яе прымусілі ўдзельнічаць у «спецаперацыі»: з’ездзіць за горад, выключыць тэлефон і дастаць з яго SIM-картку «каб пазбегнуць праслухоўкі». Пасля чаго ў бацькоў дзяўчынкі патрабавалі грошы, каб сказаць ім, дзе яе знайсці.
Ужо сапраўдныя аператыўнікі знайшлі 15-гадовую школьніцу ў загарадным кафэ. Паведамляецца, што па факце здарэння праводзіцца праверка.