Ларыса Даліна трапіла ў новы скандал з сумнеўнай схемай
- 19.02.2026, 13:40
Зноў замешаная нерухомасць.
У Федэральнай службе па інтэлектуальнай уласнасці Расіі быў зарэгістраваны таварны знак «Ларыса Даліна захаваць і прымножыць» для аперацый з нерухомасцю і іншых паслуг. Дырэктар расійскай спявачкі Ларысы Даліны Сяргей Пудоўкін заявіў, што гэта праца махляроў і сама яна нічога не афармляла, паведамляе РБК.
«У дадзеным выпадку відавочныя прыкметы махлярства, Ларыса Даліна падобных рэгістрацый не афармляла, Ларыса Даліна — народная артыстка Расіі. Яна — спявачка», — сказаў Пудоўкін.
Раней на сайце Федэральнага інстытута прамысловай уласнасці (ФІПС) — падпарадкаванай арганізацыі Роспатэнта — 17 лютага была зарэгістраваная заява на атрыманне таварнага знака «Ларыса Даліна захаваць і прымножыць». У якасці заяўніка была ўказаная Даліна Ларыса Аляксандраўна, а ў якасці адраса рэгістрацыі быў указаны адрас кватэры, якой пазбавілася спявачка Ларыса Даліна ў ходзе судовых цяганін з Палінай Лур’е.
Прадпрыемства з таварным знакам «Ларыса Даліна захаваць і прымножыць» планавала займацца аперацыямі з нерухомасцю, абменам грошай і крыптавалют.
Падаць заяўку на рэгістрацыю таварнага знака за чалавека тэарэтычна можа і іншая асоба, патлумачыў РБК кіруючы партнёр расійскай кампаніі «Справядлівыя рашэнні» Міхаіл Рэпрынцаў.
Гісторыя з кватэрай Даліны
Нагадаем, Вярхоўны суд Расіі 16 снежня паставіў кропку ў разглядзе справы аб кватэры Ларысы Даліны ў цэнтры Масквы, здзелка па продажы якой прадпрымальніцы Паліне Лур’е раней была скасаваная судамі ніжэйшых інстанцый. Паводле рашэння ВС РФ права ўласнасці засталося за Лур’е.
Раней у сацсетках шырокую вядомасць атрымаў «эфект Даліны». Усё пачалося пасля таго, як у 2024 годзе спявачка аддала тэлефонным махлярам больш за 300 мільёнаў расійскіх рублёў (звыш 3 млн долараў) — у тым ліку грошы ад продажу пяціпакаёвай кватэры ў Маскве. Зразумеўшы, што яе падманулі, Даліна звярнулася ў суд і выйграла яго. У выніку кватэру ёй вярнулі. А пакупніцы, якая засталася без кватэры, прапанавалі спрабаваць вярнуць грошы ў махляроў.
Расіян абурыў учынак Даліны, якая пакінула пакупніцу яе кватэры і без жылля, і без грошай. Гледачы пачалі масава здаваць білеты на канцэрты артысткі.