Расія і Іран абвясцілі пра сумесныя ваенна-марскія вучэнні
- 19.02.2026, 14:42
На тле падрыхтоўкі ўдару ЗША па іранскім рэжыме.
Расія і Іран правядуць сумесныя ваенна-марскія вучэнні ў Аманскім заліве і на поўначы Індыйскага акіяна на тле падрыхтоўкі ЗША да ўдару па Тэгеране.
Манеўры пачнуцца 19 лютага, паведаміў адмірал Ваенна-марскіх сіл (ВМС) Ірана Хасан Максудлу. «Мэта заключаецца ў тым, каб умацаваць бяспеку на моры і паглыбіць адносіны паміж ваенна-марскімі сіламі дзвюх краін», — сказаў прадстаўнік іранскіх ВМС, не ўдакладніўшы, калі плануецца завяршыць вучэнні.
Да гэтага памочнік прэзідэнта РФ Мікалай Патрушаў заявіў, што Расія, Іран і Кітай накіравалі ваенныя караблі ў Армузскі праліў для сумесных вучэнняў «Марскі пояс бяспекі — 2026». Гэта восьмыя па ліку падобныя манеўры, якія праводзяцца з 2019 года па ініцыятыве ВМС Ірана. На час вучэнняў Тэгеран абвясціў пра частковае закрыццё Армузскага праліва, які служыць важнай транспартнай артэрыяй для паставак нафты і звадкаванага прыроднага газу на сусветны рынак. Са свайго боку Мінабароны РФ апублікавала відэа, на якім расійскі карвет «Стойкий» прыбывае ў портовы горад Бандар-Абас, дзе базуецца ваенна-марскі флот Ірана. У ведамстве адзначылі, што расійскія і іранскія ваенныя маракі «сінхранізавалі дзеянні дзеля забеспячэння бяспекі грамадзянскага суднаходства».
Тым часам ЗША, якія сканцэнтравалі каля берагоў Ірана «армаду» ваенных караблёў, падрыхтаваліся да ваеннай аперацыі супраць Тэгерана. Паводле звестак крыніц CBS News, яна можа пачацца ўжо ў суботу, 21 лютага, аднак прэзідэнт Дональд Трамп пакуль не прыняў канчатковага рашэння. Дарадца кіраўніка Белага дома сказаў Axios, што аперацыя будзе ўяўляць сабой кампанію, «больш падобную на поўнамаштабную вайну», чым на кропкавыя ўдары. Раней крыніцы CNN казалі, што амерыканскія сілы могуць атакаваць іранскіх лідараў, дзяржаўныя ўстановы, ядзерныя аб’екты і вытворчасць балістычных ракет у краіне.
Пры гэтым у Белым доме працягваюць абмяркоўваць магчымы ўдар па Іране, узважваючы рызыкі эскалацыі, а таксама «палітычныя і вайсковыя наступствы стрыманасці», адзначылі суразмоўцы CBS. Са свайго боку прэс-сакратар Белага дома Кэралін Лівітт падкрэсліла, што Тэгерану «было б разумна заключыць здзелку з прэзідэнтам Трампам і яго адміністрацыяй», каб пазбегнуць атакі.
Чарговы раўнд перамоваў паміж Тэгеранам і Вашынгтонам наконт іранскай ядзернай праграмы адбыўся 17 лютага ў Амане. Паводле Reuters, ЗША выставілі Тэгерану ўмову: цягам двух тыдняў прадставіць падрабязныя прапановы па ўстараненні разыходжанняў. Раней, у чэрвені 2025 года, аналагічны ультыматум прывёў да пачатку аперацыі «Полуночный молот» — серыі удараў па ядзерных аб’ектах Ірана.