Лукашыст з Гродна браў хабары нават не грашыма
- 19.02.2026, 15:04
За што яму павінны былі плаціць.
У судзе Гродна разгледзяць справу аб хабарніцтве ў асабліва буйным памеры. Абвінавачаны — намеснік кіраўніка аднаго з органаў выканаўчай і распарадчай улады Гродзенскага раёна.
Пра тое, за што і ад каго на пастаяннай аснове атрымліваў узнагароды карупцыянер, распавялі ў абласной пракуратуры.
Абяцаў дапамагчы на будоўлях
Мужчына атрымліваў ад двух прадстаўнікоў камерцыйных структур хабары не толькі грашыма, але і будаўнімі матэрыяльмі з снежня 2023 года па ліпень 2025-га.
За гэта ён, выкарыстоўваючы пасаду, якую займаў, і свае службовыя паўнамоцтвы, абяцаў садзейнічаць патрэбным людзям у перамозе ў працэдурах закупак пры выбары падраднай і субпадраднай арганізацый.
Таксама ён дапамагаў пры заключэнні і выкананні дагавораў на выкананне рамонтна-будаўнічых і мантажных работ, у своечасовым пералічэнні грашовых сродкаў у якасці бягучых авансаў і датэрміновай аплаце выкананых работ.
Што пагражае хабарніку
Справу вяло ўпраўленне па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі цэнтральнага апарата Следчага камітэта Беларусі.
У пракуратуры пасля вывучэння матэрыялаў прыйшлі да высновы, што доказаў дастаткова, абвінавачанне абгрунтаванае і пагадзіліся з кваліфікацыяй учыненага па ч. 3 арт. 430 КК.
Ідзе гаворка пра хабар, атрыманы ў буйным памеры. За гэта ў Беларусі пагражае пазбаўленне волі ад 5 да 12 гадоў, са штрафам і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.
Раней абраная ў дачыненні да абвінавачанага мера стрымання ў выглядзе заключэння пад вартай пакінута без змянення.