Усплыла нязручная для ўладаў праўда пра Віцебскую вобласць
- 19.02.2026, 20:16
Рэгіён апынуўся ў дэмаграфічнай яме.
Камітэт дзяржаўнай маёмасці Віцебскай вобласці прапанаваў інвестарам бясплатна або за 1 базавую велічыню 133 невыкарыстоўваемыя аб’екты нерухомасці. Як заўважыў партал «Беларусы і рынак», амаль палова з іх — былыя вясковыя школы і дзіцячыя сады.
Гэтыя лічбы сведчаць, у якой яшчэ яме, акрамя эканомікі, знаходзіцца аграрны комплекс Віцебскай вобласці і ў цэлым гэты рэгіён нашай краіны. Яме — дэмаграфічнай.
Таксама даволі істотная частка прапанаваных будынкаў — гэта вясковыя клубы, бібліятэкі, лазні.
Найбольш іх у Пастаўскім (25), Аршанскім (18), Бешанковіцкім (13) раёнах.
З патэнцыйна цікавых лотаў — былы цагельны завод у Расонскім раёне, пабудаваны ў 1996 годзе. Ягоная тэрыторыя складае больш за 16 гектараў, на якой размешчаныя 24 будынкі і збудаванні плошчай больш за 25 тыс. кв. м.
У Глыбокім на тых жа ўмовах прапануецца гісторыка-культурная каштоўнасць — будынак былога кляштара кармэлітаў.