МЗС: ЗША адмовіліся выдаць візу Рыжанкову
- 19.02.2026, 20:40
Ні Лукашэнка, ні кіраўнік ягонай дыпламатыі не трапілі на саміт «Рады міру» Трампа.
Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў не трапіў на саміт «Рады міру» ў Вашынгтоне, таму што Злучаныя Штаты Амерыкі адмовілі яму ў візе. Пра гэта паведаміла прэс-служба МЗС.
Лукашэнкаўскія дыпламаты напісалі допіс, у якім абвінавачваюць амерыканцаў у тым, што яны фактычна адмовілі дэлегацыі ва ўездзе ў ЗША.
«Пра які мір і пра якую паслядоўнасць можа ісці гаворка, калі нават базавыя фармальнасці для нашага ўдзелу не былі выкананыя арганізатарамі?», — засмучаюцца ў МЗС.
Раней у Вашынгтон адмовіўся ляцець Лукашэнка. Кіраўніца яго прэс-службы Наталля Эйсмант заявіла, што ў дыктатара «іншыя справы», а таксама спаслалася на санкцыі супраць яе шэфа — Еўропа спыніла авіязносіны з Беларуссю з-за авіятэрарызму беларускага кіраўніка.
Сёння, 19 лютага, Лукашэнка замест прэзідэнта ЗША Дональда Трампа сустрэўся са старшынёй Сената Зімбабвэ Мэйбл Мэморы Чынамонай.