Rheinmetall паказаў кадры выпрабаванняў сакрэтнага беспілотніка
- 19.02.2026, 20:59
Яго выпрабоўвалі ва Украіне.
Нямецкі абаронны канцэрн Rheinmetall упершыню паказаў відэа выпрабаванняў свайго ўдарнага беспілотніка FV-014, піша Defence Express.
Раней, пасля прэзентацыі ў верасні 2025 года, грамадскасці паказвалі толькі выставачныя макеты апарата. Цяпер кампанія заявіла пра паспяховую дэманстрацыю дрона для патэнцыйнага заказчыка — адной з краін НАТА. Падчас паказу беспілотнік адпрацаваў некалькі аперацыйных сцэнароў, у тым ліку імітацыю атакі. Назву дзяржавы, якая зацікавілася, не раскрываюць.
Як адзначаюць аналітыкі, падчас першай прэзентацыі ў Rheinmetall паведамлялі, што FV-014 ужо нібыта меў баявы досвед. Улічваючы сучасную сітуацыю з бяспекай, верагодным месцам такіх выпрабаванняў магла быць Украіна — фактычна адзіная краіна, дзе сёння адпрацоўваюць найноўшыя ўзоры ўзбраення ў умовах поўнамаштабнай вайны.
Такім чынам, можна меркаваць, што дрон спачатку распрацоўвалі без шырокай агалоскі, а яго магчымыя баявыя выпрабаванні таксама маглі праходзіць непублічна.
На апублікаваных кадрах бачна, што запуск FV-014 ажыццяўляецца з прамавугольнага транспартна-пускавога кантэйнера з дапамогай цвёрдапаліўнага паскаральніка. Для навядзення, судзячы з відэа, апарат абсталяваны дзённай камерай і, верагодна, цеплавізарам.