Былога прынца Эндру выпусцілі з-пад варты ў Вялікабрытаніі
- 19.02.2026, 22:57
Праз 12 гадзін пасля затрымання.
Былага прынца Эндру вызвалілі з-пад варты амаль праз 12 гадзін пасля затрымання па падазрэнні ў здзяйсненні няправамерных дзеянняў на дзяржаўнай пасадзе, паведамляе Sky News.
Ён выехаў з паліцэйскага ўчастка на аўтамабілі, удакладняе тэлеканал.
Нагадаем, былога прынца, якому 19 лютага споўнілася 66 гадоў, затрымалі ў ягоным маёнтку Сандрінгем у Норфалку, дзе ён пражывае пасля сыходу з Віндзарскага палаца.
Мясцовая паліцыя паведаміла, што ў межах расследавання затрымала неназванага мужчыну старэй за 60 гадоў і правяла вобшукі па некалькіх адрасах у Норфалку і графстве Беркшыр. Затрыманы пакуль застаецца пад вартай. У заяве адзначаецца, што ягонае імя і канкрэтныя падрабязнасці справы пакуль не раскрываюцца «ў адпаведнасці з нацыянальнымі рэкамендацыямі».
Паводле звестак СМІ, арышт звязаны з меркаваным разгалошваннем канфідэнцыйнай інфармацыі, якая мела дачыненне да Джэфры Эпштэйна. Сам Эндру Маунтбэтэн-Віндзар раней неаднаразова адмаўляў любую датычнасць да правапарушэнняў і настойваў на сваёй невінаватасці.
Былы прынц Эндру напачатку лютага 2026 года пераехаў са свайго асабняка Роял-Лодж у Віндзары ў маёнтак на тэрыторыі каралеўскага памесця Сандрінгем у Норфалку. Так брытанская каралеўская сям'я імкнулася зменшыць грамадскую ўвагу да былога прынца пасля публікацыі новай парцыі дакументаў у справе Джэфры Эпшэйна, у якіх утрымліваюцца сведчанні магчымых сэксуальных сувязяў Эндру з жанчынамі, прывезенымі Эпштэйнам у Вялікабрытанію. Сам Эндру катэгарычна адмаўляе ўсе абвінавачанні.
Раней, у кастрычніку 2025 года, яго пазбавілі тытулаў прынца і герцага Ёркскага.