BE RU EN

Максім Вінярскі: Зноў ёсць на каго раўняцца

  • 20.02.2026, 9:08

Дзякуй, Мікалай Віктаравіч, што вы зноў з намі.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», экс-палітвязень Максім Вінярскі пракаментаваў выхад на волю лідара беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча:

— Вельмі добра, калі чалавек выходзіць на волю. У такі дзень заўсёды радасна і прыемна. Нібы частка цябе самога зноў адчувае сябе вольнай. Любы такі дзень адразу набывае адценне ўрачыстасці, смак свята.

Але сённяшні дзень — асаблівы і адрозніваецца ад іншых падобных адчуваннем: нас стала больш. Не проста тых, хто на волі, а тых, хто ведае: за волю трэба змагацца.

Сёння да нас вярнуўся той, каму не трэба тлумачыць, хто сёння агрэсар і адкуль ідзе пагроза. Той, хто не страціў ні гонару, ні волі нават знаходзячыся ў турме. Хто не дазволіў выштурхнуць сябе за межы радзімы. Той, хто на сабе ведае цану выбару паміж святлом і цемрай. Хто ведае, што нельга патураць дыктатару-тэрарысту. Што нельга абдымацца са злачынцамі і паціскаць акрываўленыя рукі катам. Што няма нічога больш ганебнага, чым гандляваць будучыняй свайго народа.

Зноў ёсць на каго раўняцца. На каго глядзець без агаворак і паблажак. Ад каго не чакаеш здрады, подласці і крывадушнасці. Дзякуй, Мікалай Віктаравіч, што вы зноў з намі.

Жыве Беларусь!

Апошнія навіны