Беларуску з двума дзецьмі выратавалі ў Абхазіі пасля відэазвароту пра жорсткасць мужа
- 20.02.2026, 10:40
Жанчына прасіла дапамогі, а праз два дні ўжо змагла выправіцца дадому.
Грамадзянка Беларусі Ганна Гаева 17 лютага апублікавала праз валанцёраў відэазварот пра тое, што яна падвяргаецца жорсткаму абыходжанню з боку мужа — грамадзяніна Абхазіі Эрвана Міхіна. Жанчына прасіла дапамогі, а праз два дні ўжо змагла выправіцца дадому, паведаміла мясцовая валанцёрка Алена Кварацхелія.
Паводле слоў жанчыны, яна вырашыла вярнуцца ў Беларусь, але муж забраў частку сямейных дакументаў (пасведчанне аб шлюбе і пасведчанні аб нараджэнні дзяцей), яе тэлефон і перакрыў доступ у кватэру, дзе засталіся яе асабістыя рэчы. У пары двое дзяцей, 2022 і 2023 гадоў нараджэння.
У выніку Ганна з дзецьмі апынулася без жылля і была вымушаная скітвацца. Пасля агалоскі гісторыі, паводле слоў валанцёраў, падключыліся праваахоўныя органы Абхазіі, дзякуючы чаму асабістыя рэчы беларусцы ўдалося вярнуць.
«Супрацоўнікі міліцыі аператыўна апыталі бакі канфлікту, прымаючы ўсе неабходныя меры для вяртання праваўстанаўленчых дакументаў маці, забеспячэння яе бесперашкоднага доступу ў дамавалоданне і да асабістых рэчаў. Цяпер Ганна Гаева можа спакойна займацца сваімі справамі, ведаючы, што яе правы і інтарэсы абаронены», — паведамілі ў МУС самапрагалошанай Абхазіі.
Гаева падзякавала ўсім, хто адгукнуўся, і расказала, што сабраныя сродкі пайшлі на куплю білета. Разам з дзецьмі яна вяртаецца ў Беларусь.