Відэафакт: у РФ дырэктар каледжа патрабуе ад падлеткаў стаць «гарматным мясам» у вайне з Украінай
- 20.02.2026, 10:48
Абяцае, што «датэрмінова атрымаюць дыплом».
Вычарпаўшы «запасы» салдат у турмах, расійскі рэжым пачаў вербаваць у армію учарашніх школьнікаў. У каледжах РФ выкладчыкі пачалі вербаваць 18‑гадовых хлопцаў у акупацыйную армію РФ. Іх агітуюць ісці на фронт, каб датэрмінова атрымаць дыплом. Запіс такой вербоўкі з’явіўся ў сеціве. Учарашніх школьнікаў у рады «гарматнага мяса» зазывала дырэктар Новасібірскага каледжа транспартных тэхналогій ім. Луніна Марыя Кірсанава, перадае Dialog.UA.
Цынічная выкладчыца заклікала маладых вучняў свайго каледжа ісці на вайну супраць Украіны, тлумачачы гэта тым, што «радзіма патрабуе». Яна таксама спрабавала пераканаць іх, што страх смерці нібыта беспадстаўны.
«Пачынаеш размаўляць з 18‑гадовымі, з кожным з вас… Хлопцы, ну радзіма патрабуе! Трэба! Нейкі страх. Ды што, мы ў цынкавой труне прыедзем, ці што? Адкуль у вас гэты страх? Хто навеяў гэты страх? А хто будзе абараняць нас? Я кажу: давайце, вы ідзіце цяпер! Вы атрымаеце дыплом! Не трэба да чэрвеня касіць або рыхтавацца. Ідзіце цяпер па кантракце, і вы ўжо атрымаеце дыплом. Ідзіце! Бо набіраюцца новыя войскі. Вось чаму такая патрэба», — заявіла Кірсанава.
Пра тое, куды падзелася старая армія, калі РФ спатрэбілася ствараць новую, чыноўніца тлумачыць не стала. Заўважым, што Крэмль засакрэціў страты, якія расійская армія нясе ў агрэсіі супраць Украіны. Дакладныя лічбы з’яўляюцца дзяржаўнай тайнай.
Аднак, паводле дадзеных СМІ і заходніх разведак, лік ідзе на сотні тысяч чалавек. Такіх страт Расія не бачыла з часоў Другой сусветнай вайны.
Расійскія незалежныя СМІ Mediazona і BBC знайшлі пацвярджэнне ліквідацыі ў вайне больш як 177 тыс. ваенных РФ на падставе некралогаў, публікацый сваякоў і рэгіянальных СМІ. Рэальныя лічбы, паводле іх, значна вышэйшыя, бо не ўсе смерці дакументаваныя.