Будрыс: Транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз Літву не адновіцца
- 20.02.2026, 11:25
ЕС працягне санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.
На наступным тыдні Рада ЕС па агульных справах «з верагоднасцю 95%» працягне санкцыі ў дачыненні да Беларусі яшчэ на год і «ў тым жа аб’ёме, у якім яны дзейнічаюць цяпер», такое меркаванне выказаў у інтэрв’ю LRT міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.
Калі гэта адбудзецца, лічыць ён, пытанне пра магчымасць аднаўлення транзіту беларускіх калійных угнаенняў праз Літву будзе знята з парадку дня.
Кіраўнік літоўскай дыпламатыі таксама спадзяецца, што 23 лютага Рада ЕС па замежных справах ухваліць 20-ы пакет санкцый у дачыненні да Расіі ў сувязі з агрэсіяй супраць Украіны, у якім «пэўныя меры ў дачыненні да Беларусі нават будуць пашыраны».
«Такім чынам, на наступным тыдні тэма санкцый будзе закрытая, адкладваем яе ўбок, — сказаў Будрыс. — Сканцэнтруемся на тым, што беларускі бок паабяцаў Злучаным Штатам Амерыкі — вырашыць праблему з [паветранымі] шарамі [з кантрабандай з Беларусі]. Паглядзім, як далей будзе развівацца сітуацыя. Еўрапейская камісія прымае новыя дзеянні наконт нашых грузавікоў, якія ўсё яшчэ затрыманыя. У нас ёсць не адно пытанне, над якім мы працуем».