«Мы рабілі ўсё магчымае, каб ён быў на волі»
- 20.02.2026, 13:34
Паплечнікі Мікалая Статкевіча пракаментавалі вызваленне лідара беларускай апазіцыі.
Яшчэ адзін знакавы беларускі палітык, лідар сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Мікалай Статкевіч — на волі. Пра гэта 19 лютага першай паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook ягоная жонка Марына Адамовіч. Яна адзначыла, што муж перанёс інсульт і цяпер ужо знаходзіцца разам з ёю дома, піша «Радыё Рацыя».
Паводле слоў выконваючага абавязкі старшыні партыі «Народная Грамада» Еўгена Вільскага, ён і ўсе чальцы партыі былі вельмі радыя гэтай навіне і сустрэлі яе нават са слязьмі радасці на вачах:
— У мяне адно ўражанне: бязмернае шчасце. Я чалавек вельмі стрыманы, але ў мяне слёзы на вачах. Я проста шчаслівы. Нават не магу выказаць сваіх пачуццяў.
Сяргей Спарыш, паплечнік Статкевіча: Адчуванні прыблізна такія ж, як калі я ўбачыў яго ў турме КДБ. Я не магу гэта растлумачыць словамі. Гэта нешта нявытлумачальнае. Вядома, інсульт — гэта сур'ёзная праблема. Аднак будзем спадзявацца, што ён справіцца.
Алена Філатова, выконваючая абавязкі генеральнага сакратара партыі «Народная Грамада»: Гэта была радасць да слёз, шчыра скажу, бо тыя эмоцыі, якія мы перажылі, немагчыма ні падрабіць, ні справакаваць нейкімі іншымі падзеямі. Для нас гэта было вялікае чаканне, мы вельмі шмат рабілі для таго, каб ён быў на волі, каб з ім усё было добра.
Як адзначае Алена Філатова, цяпер іх партыя і так знаходзіцца на лідарскіх пазіцыях, а з выхадам на волю Мікалая Статкевіча яна стане яшчэ мацней.
Нагадаем, Мікалая Статкевіча ўлады Беларусі ў снежні 2021 года асудзілі да 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў. Пакаранне ён адбываў у Глыбоцкай калоніі. 11 верасня 2025 года яго вызвалілі і спрабавалі вывезці з краіны разам з іншымі палітвязнямі, аднак ён гэтаму супраціўляўся. Пасля гэтага пра яго не было ніякіх звестак, а 19 лютага стала вядома пра яго вызваленне.