ЗША і Індыя абмяркоўваюць пастаўкі венесуэльскай нафты
- 20.02.2026, 14:33
Мэта — знізіць залежнасць ад расійскай сыравіны.
Злучаныя Штаты вядуць «актыўныя перамовы» з Індыяй аб пастаўках венесуэльскай нафты, заявіў амерыканскі спецпасланец Серджыа Гор. Паводле яго слоў, мэта — дапамагчы Дэлі дыверсіфікаваць імпарт энергарэсурсаў і зменшыць залежнасць ад расійскай сыравіны, піша агенцтва Reuters (пераклад — сайт Charter97.org).
Вашынгтон раней звязаў зніжэнне тарыфаў на індыйскія тавары са скарачэннем закупак нафты ў Расіі, што, паводле ацэнак ЗША, спрыяе фінансаванню вайны супраць Украіны.
Гор адзначыў, што перамовы паміж амерыканскім Дэпартаментам энергетыкі і індыйскім энергетычным ведамствам прасоўваюцца, і першыя рашэнні могуць з’явіцца ў бліжэйшы час. Заява прагучала ў Нью-Дэлі на мерапрыемстве з удзелам Індыі ў ініцыятыве Pax Silica.
Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пагадзіўся знізіць тарыфы на індыйскі імпарт да 18% у межах часовага гандлёвага пагаднення, а таксама скасаваў 25-працэнтную пошліну пасля таго, як Індыя паабяцала скараціць закупкі расійскай нафты. Прэм’ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі запрасіў Трампа наведаць краіну, паведаміў Гор.
Міністр гандлю Індыі Піюш Гоял удакладніў, што пагадненне ўступіць у сілу ў красавіку, а афіцыйнае паведамленне аб зніжэнні тарыфаў ЗША чакаецца ў бліжэйшы час.
Каб кампенсаваць адмову Індыі ад расійскай сыравіны, ЗША прапанавалі замяніць яе пастаўкамі венесуэльскай нафты. Вашынгтон раней выдаў ліцэнзіі кампаніям Vitol і Trafigura на продаж венесуэльскай нафты пасля затрымання прэзідэнта Нікаласа Мадуры і заключэння пагаднення з часовай лідаркай Дэльсі Радрыгес.
Паводле звестак Reuters, закупкі ўжо размясцілі найбуйнейшыя індыйскія перапрацоўшчыкі: Indian Oil Corp, Hindustan Petroleum, Bharat Petroleum, а таксама прыватныя перапрацоўшчыкі — Reliance Industries і HPCL-Mittal Energy.