Наталля Радзіна заклікала заходніх дыпламатаў сачыць за здароўем Мікалая Статкевіча
- 20.02.2026, 15:51
Ягонаму жыццю па-ранейшаму пагражае небяспека.
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна звярнула увагу на сітуацыю з лідарам беларускай апазіцыі Мікалаем Статкевічам, які ўчора, 19 лютага, быў вызвалены з лукашэнкаўскай турмы пасля інсульту, які здарыўся з палітвязнем 21 студзеня:
— Вельмі важна, што Мікалай Статкевіч нарэшце на волі, але сёння трэба надаць максімум увагі стану яго здароўя. Паколькі ў Беларусі не засталося праваабарончых арганізацый і незалежных медыя, сачыць за сітуацыяй вакол лідара апазіцыі павінны прадстаўнікі пасольстваў заходніх дзяржаў у Мінску.
Некаторыя з іх, як пасольства Германіі, ужо віталі вызваленне Мікалая Статкевіча, але неабходна трымаць у фокусе тое, што будзе адбывацца з палітвязнем далей: ці будзе яму аказаная неабходная медыцынская дапамога і рэабілітацыя, ці не сутыкнецца ён з сабатажам або нават перашкодамі ў лячэнні.
Пасля інсульту, які здарыўся 21 студзеня, палітык тры тыдні знаходзіўся ў рэанімацыі. Зараз жыццё і здароўе лідара беларускай апазіцыі па-ранейшаму ў небяспецы, і важна зрабіць усё магчымае, каб улады больш не змаглі яму нашкодзіць.