Паўднёвая Карэя можа пачаць фінансаваць закупкі амерыканскай зброі для Украіны
- 20.02.2026, 17:17
НАТА звярнулася да Сеула.
Паўднёвая Карэя разглядае магчымасць далучыцца да ініцыятывы НАТА па дапамозе ў фінансаванні закупкі амерыканскай зброі для Украіны (PURL).
Пра гэта паведаміла ў пятніцу, 20 лютага, The Korea Times са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы.
Чыноўнік Міністэрства замежных спраў Карэі пацвердзіў выданню, што Паўночнаатлантычны альянс звярнуўся да краіны з просьбай далучыцца да механізму падтрымкі Украіны. Ці схіляецца карэйскі ўрад да прыняцця такой прапановы, чыноўнік не ўдакладніў.
Пасольства Украіны ў Паўднёвай Карэі заявіла, што пакуль не можа каментаваць сітуацыю.
Як адзначае выданне, далучэнне да ініцыятывы PURL было б прагматычным для Сеула. Гэта можа ўзмацніць абарончае супрацоўніцтва Паўднёвай Карэі з членамі НАТА, многія з якіх з'яўляюцца пакупнікамі паўднёкарэйскай зброі. Карэя ўвогуле імкнецца пашыраць сваю прысутнасць у Еўропе. У лістападзе 2025 года яна прайграла тэндэр на пастаўку падводных лодак Польшчы — аднаму з найбуйнейшых пакупнікоў паўднёкарэйскай зброі — у здзелцы коштам каля 8 трлн вон (каля 6 млрд долараў). Цяпер Паўднёвая Карэя супернічае з Германіяй за яшчэ больш амбіцыйны канадскі праект падводных лодак новага пакалення коштам 60 трлн вон (каля 40 млрд долараў).
Аднак далучэнне да PURL можа абвастрыць і без таго даволі напружаныя адносіны з Масквой. Яны пагоршыліся адразу пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года і яшчэ больш абвастрыліся праз пашырэнне ваеннага супрацоўніцтва паміж Расіяй і Паўночнай Карэяй.