BE RU EN

The Telegraph: расійскія камандзіры вымагаюць у салдат дзясяткі тысяч долараў

  • 20.02.2026, 18:09

Акупантаў пагражаюць адправіць на забой.

Расійскія камандзіры ва Украіне прымушаюць падначаленых плаціць ім вялікія сумы пад пагрозай адпраўкі на штурмы, піша The Telegraph са спасылкай на сведчанні салдат і экспертаў Інстытута вывучэння вайны (ISW). Паводле іх слоў, гаворка ідзе не пра адзіночныя выпадкі, а пра сістэмную практыку. На адным з відэа малодшы сяржант Дзяніс Калеснікаў распавядае, што камандзіры патрабуюць з вайскоўцаў па $13–40 тысяч, а тых, хто адмаўляецца плаціць, «абнуляюць», адпраўляючы на смяротныя заданні. Ён сцвярджае, што такім чынам загінула ўжо «больш за палову» яго падраздзялення. Са слоў Калеснікава, пасля «вычарпання» першых выплат пачынаюцца новыя вымагальніцтвы. Сам ён уцёк з часткі, калі з яго запатрабавалі $40 тысяч; яго цяперашняе месцазнаходжанне невядома.

У іншым відэа вайсковец Андрэй Перавозчыкаў з 36-га Башкірскага мотастралковага палка звяртаецца да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна са скаргай на тое, што камандзіры прадаюць прызначаныя для падраздзяленняў беспілотнікі, цеплавізары і гуманітарную дапамогу, прымушаючы салдат набываць абсталяванне самастойна. Паводле яго слоў, тых, хто адмаўляецца, адпраўляюць на штурмы. Таксама выданне прыводзіць відэазварот бацькі вайскоўца Валерыя Белаглазава з вайсковай часткі 67899. Ён просіць дапамогі ў пошуках сына, які знік бяз вестак пасля таго, як пералічыў 800 тысяч рублёў на патрэбы падраздзялення.

З яшчэ аднаго салдата Ігара Коршунава пасля цяжкага паранення камандзір запатрабаваў амаль 2 млн рублёў за перавод з лініі фронту, пагражаючы кінуць яго на перадавую ў разе адмовы. Іншы вайсковец Армен Авесепян распавёў, што штомесяц яго прымушаюць аддаваць палову зарплаты за вызваленне ад баявых заданняў.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны таксама зафіксаваў выпадкі, калі камандзіры адмаўляліся адпраўляць параненых у шпіталь або афармляць дакументы для атрымання льгот, вымагаючы грошы.

Апошнія навіны