BE RU EN

У Расіі ўзнік дэфіцыт газаматорнага паліва

  • 20.02.2026, 18:51

Удзельнікі рынку заявілі пра крытычнае скарачэнне запасаў.

У расійскіх рэгіёнах пачаліся перабоі з пастаўкамі звадкаванага вуглевадароднага газу (ЗВГ). Недахоп газаматорнага паліва назіраецца ў Ніжагародскай, Яраслаўскай, Валгаградскай абласцях, Маскоўскім рэгіёне і Татарстане, піша «Коммерсантъ». Удзельнікі рынку заявілі пра крытычнае скарачэнне запасаў.

У групе кампаній «Реал-Инвест» паведамілі пра вымушанае закрыццё часткі аўтазаправак з-за затрымак паставак па чыгунцы, якія пачаліся ў лютым. Паводле даных ГК, на станцыі Сергач назбіралася каля 2,5 тыс. тон газу, які не разгружаюць. Пры гэтым кампанія недаатрымала 1,8 тыс. тон паліва, што эквівалентна месячнаму аб’ёму продажу ўсёй сеткі.

У «Реал-Инвест» папярэдзілі, што сітуацыя, якая склалася, ставіць пад пагрозу кантракты з дзяржаўнымі і муніцыпальнымі ўстановамі, у тым ліку вайсковыя часці і аўтобусныя паркі.

На аналагічныя праблемы паскардзіліся і іншыя ўдзельнікі рынку. «У Ніжагародскай вобласці мы пакуль трымаемся, але ўжо на зыходзе. У Валгаградзе, Іванаве і Яраслаўлі газ у нас скончыўся. Цяжка», — заявіў прадстаўнік «Ока-Пропан». У кампаніі адзначылі, што паліўны крызіс стаў вынікам не толькі лагістычных праблем на баку РЖД, але і палітыкі заводаў-вытворцаў, якія мэтанакіравана аддалі большую частку звадкаванага газу на экспарт яшчэ ў снежні, што прывяло да дэфіцыту на ўнутраным рынку.

У сетцы запраў «Газэнергосеть-НН» паведамілі, што ў іх засталося паліва на тры–чатыры дні, а некаторыя газанапаўняльныя станцыі ўжо пустыя. «Увесь газ кінуты на розных чыгуначных станцыях і да адрасатаў ён не даходзіць… Не ведаем, якія прычыны. Напрыклад, Арзамас-2: там вагоны стаяць ужо тры тыдні. Гэта не толькі ў нас. У Казані такія ж складанасці, у Маскоўскім рэгіёне», — адзначылі ў кампаніі.

Зараз Расія ў асноўным прадае звадкаваны вуглевадародны газ Турцыі, Індыі, Афганістану, Кітаю і краінам Цэнтральнай Азіі на фоне спынення паставак у Еўропу з-за санкцый.

Паводле падлікаў Reuters, у снежні 2025-га і ў студзені 2026-га чыгуначныя адгрузкі ЗВГ у Кітай паказалі гістарычны максімум — 65 тыс. тон. Гэта амаль у 1,5 раза перавышае сярэднямесячны паказчык 2025 года — каля 43 тыс. тон у месяц.

У цэлым летась чыгуначныя адгрузкі ЗВГ у Кітай падскочылі на 77% у параўнанні з 2024 годам і склалі 520 тыс. тон. Акрамя таго, Расія штомесяц прадавала па 20–25 тыс. тон паліва Пекіну аўтатранспартам з прыгранічных газанапаўняльных станцый.

Апошнія навіны