Reuters: ЗША разглядаюць змену рэжыму ў Іране
- 20.02.2026, 19:34
Рашэнне за Трампам.
Сярод магчымых варыянтаў ваеннай аперацыі ЗША супраць Ірана разглядаюцца як прыцэльныя ўдары па асобных прадстаўніках рэжыму аятолаў, так і поўная змена кіраўніцтва — у выпадку, калі прэзідэнт Дональд Трамп дасць адпаведны загад.
Пра гэта 20 лютага паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на двух амерыканскіх чыноўнікаў.
«Падчас свайго першага тэрміну Трамп ужо дэманстраваў гатоўнасць да мэтавых забойстваў, ухваліўшы ў 2020 годзе ліквідацыю высокапастаўленага ваеннага чыноўніка, генерала Касема Сулеймані, які ўзначальваў замежную выведку і военізаванае падраздзяленне Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі — Сілы Кудс», — адзначае выданне.
Адзін з суразмоўцаў Reuters падкрэсліў паспяховасць ізраільскай аперацыі па знішчэнні іранскіх лідараў падчас ваеннай аперацыі «Народ як леў» у 2025 годзе. Паводле інфармацыі рэгіянальных крыніц, тады былі забітыя як мінімум 20 высокапастаўленых іранскіх афіцэраў, уключаючы начальніка штаба Узброеных Сіл краіны генерал-маёра Магамада Багеры.
«12-дзённая вайна і ізраільскія ўдары па асобных мэтах паказалі эфектыўнасць такога падыходу», — заявіў амерыканскі чыноўнік, дадаўшы, што прыярытэт надаваўся асобам, якія ўдзельнічаюць у камандаванні і кіраванні сіламі КВІР.
У той жа час чыноўнік папярэдзіў, што прыцэльныя ўдары па прадстаўніках рэжыму патрабуюць значных выведвальных рэсурсаў.
«Каб ліквідаваць канкрэтнага камандзіра, неабходна дакладна ведаць ягонае месцазнаходжанне і ацэньваць, хто яшчэ можа пацярпець падчас аперацыі. Крыніцам Reuters не было вядома, якімі выведвальнымі звесткамі аб іранскіх лідарах, патэнцыйных мэтах ЗША, валодаюць амерыканскія ўлады. Белы дом і Пентагон пакуль не пракаментавалі запыты агенцтва», — падсумавала Reuters.