Крызіс у расійскай эканоміцы нарастае
- 20.02.2026, 19:47
Больш за палову буйных кампаній рыхтуюцца звальняць персанал.
Больш за палову буйных кампаній у РФ завяршылі 2025 год са спадзеннем прыбыткаў, скаротзілі або цалкам замарозілі інвестыцыйныя праекты, а многія з іх рыхтуюцца звальняць супрацоўнікаў, папярэдзіў Расійскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, піша The Moscow Times.
Згодна з апытаннем РСПП, у мінулым годзе толькі 19% кампаній працягвалі інвестыцыі ў звычайным рэжыме. Кожная трэцяя (33%) «істотна» іх скараціла, столькі ж — скарацілі «незначна», а 15% цалкам замарозілі ўсе праекты.
Тры чвэрці ўдзельнікаў даследавання РСПП (72%) паскардзіліся на рост дэбіторскай запазычанасці — то бок неплацяжоў з боку кантрагентаў. Пры гэтым у першую чаргу не плацяць па кантрактах дзяржкарпарацыі, паказала апытанне.
У 62% грамадзянскіх прадпрыемстваў у 2025 годзе знізіўся прыбытак, вырасла частка стратных кампаній, канстатаваў віцэ-прэзідэнт РСПП Аляксандр Мурычаў. «Нарастае крызіс ліквіднасці і неплацяжы. Вялізны рост выдаткаў. Улічваючы той факт, што сітуацыя па гэтых паказчыках пагаршалася на працягу ўсяго 2025 года і працягвае пагаршацца ў гэтым годзе, у прадпрыемстваў паступова вычэрпваюцца і ўласныя рэсурсы, якія маглі б дазволіць працягваць дзейнасць», — сказаў Мурычаў.
Шмат гарадоўтваральных прадпрыемстваў, а таксама прадпрыемствы ў манаградах ужо перавялі супрацоўнікаў на няпоўную занятасць, а ў другой палове 2026 года, паводле слоў Мурычава, хутчэй за ўсё будуць вымушаныя пачаць звальненні. «Адзіная бачная сёння перспектыва для многіх прадпрыемстваў — скарачэнне вытворчасці, супрацоўнікаў, а ў самых крытычных сітуацыях, на жаль, і банкруцтва», — сказаў Мурычаў.
Паводле звестак Расстата, за студзень–лістапад мінулага года сальдаваны прыбытак (прыбытак мінус страты) расійскага бізнесу знізіўся на 5,5%, да 25,43 трлн рублёў. Нафтагазавыя кампаніі перажылі абвал прыбыткаў на 55%, аўтавытворцы — у 4 разы, а вугальныя кампаніі атрымалі рэкордныя ў гісторыі сальдаваныя страты — 334,9 млрд рублёў. З 28 галін прамысловасці 21 завяршыла год у мінусе. А з 7, што паказалі рост, тры аказаліся звязаныя з ВПК.
Урад прагназуе на бягучы год паскарэнне эканамічнага росту з 1% да 1,3%. Але ў рэальнасці эканоміка можа зваліцца ў рэцэсію, лічыць Алег В’югін, прафесар факультэта эканамічных навук Вышэйшай школы эканомікі (ВШЭ). Расія ўступае ў 2026 год з павышанымі падаткамі і высокай працэнтнай стаўкай; да гэтага дадаецца праблема недабору нафтагазавых даходаў з-за курсу рубля, абмежаванняў на экспарт, а таксама дысконтаў да $29 за барэль, пералічвае В’югін.