BE RU EN

Усё больш краін жадаюць набыць польскія ПЗРК Piorun

  • 20.02.2026, 19:58

Варшава ўжо некалькі гадоў пастаўляе іх ва Украіну.

Польскія зенітна-ракетныя комплексы Piorun карыстаюцца ўсё большым попытам у Еўропе. Кампанія Mesko, што ўваходзіць у склад Польскай зброевай групы (PGZ), ужо некалькі гадоў пастаўляе іх ва Украіну. Эфектыўнасць гэтага ўзбраення таксама ацанілі амерыканцы і нарвежцы, паведамляе «Польскае радыё».

Паводле слоў прэзідэнта Польскай зброевай групы Адама Лешкевіча, польскімі «маланкамі» (Piorun) цікавіцца ўсё больш краін.

«Краіны Паўночнай Еўропы праяўляюць вялікую цікавасць да нашай прадукцыі. Мы вельмі рады супрацоўніцтву з партнёрамі са скандынаўскай прамысловасці. Да такіх партнёраў таксама адносяцца краіны Балтыі, Італія, некаторыя балканскія краіны; мы таксама ўдзячныя за праяўленую цікавасць да Piorun з боку Германіі і Францыі», — сказаў Адам Лешкевіч.

Еўрапейскія партнёры праяўляюць асаблівую цікавасць да польскага ўзбраення з канца мінулага года, калі асобныя краіны падалі заяўкі ў Еўрапейскую камісію на ўдзел у праграме SAFE. Раней мы пісалі, што ўрад Германіі выказаў гатоўнасць набыць польскія пераносныя зенітна-ракетныя комплексы Piorun.

Нагадаем, Piorun — гэта пераносны зенітна-ракетны комплекс, выраблены ў Польшчы. Ён прызначаны для барацьбы з нізкалётнымі самалётамі, верталётамі і беспілотнікамі. Акрамя польскай арміі, Piorun таксама стаіць на ўзбраенні армій Нарвегіі, Латвіі і Украіны.

Апошнія навіны