Узброеныя сілы Украіны збілі расійскі Су-34
- 20.02.2026, 20:25
Ён атакаваў Дняпрапятроўшчыну КАБамі.
Сілы абароны Украіны, верагодна, знішчылі яшчэ адзін расійскі баявы самалёт, якім акупанты наносяць удары па ўкраінскай тэрыторыі.
Як паведамляе канал AviVector, гаворка ідзе пра расійскі знішчальнік-бамбавік «Су-34», месцам базіравання якога з'яўляецца аэрадром «Армавір» у Краснадарскім краі, заўважыў «Дыялог».
Паводле інфармацыі канала, знішчальнік быў знішчаны над часова акупаванай тэрыторыяй Запарожскай вобласці ў чацвер а 23:20 падчас выканання ўкраінскімі вайскоўцамі баявога задання. Варожы самалёт упаў каля населенага пункта Камянка.
У момант знішчэння гэтага «Су-34» знішчальнік наносіў удары карэкціруемымі авіяцыйнымі бомбамі па тэрыторыі Дняпрапятроўскай вобласці.
«Самалёт нанёс удар кіруемымі авіяцыйнымі бомбамі па Дняпрапятроўскай вобласці і ўпаў паблізу Камянкі Запарожскай вобласці», — сказана ў паведамленні.
Пра верагоднае знішчэнне расійскага «Су-34» паведамляюць і расійскія Z-блогеры, не раскрываючы падрабязнасцяў.
«Прафільныя рэсурсы паведамляюць пра крушэнне расійскага знішчальніка-бамбавіка “Су-34”. Прычыны інцыдэнту і лёс лётчыкаў невядомыя», — пішуць прапагандысты.
У Генштабе Узброеных Сіл Украіны пакуль не каментавалі інфармацыю пра знішчэнне варожага «Су-34».