Зяленскі: ЗША таксама патрабуюць ад Украіны аддаць увесь Данбас
- 21.02.2026, 5:00
Вашынгтон і Крэмль займаюць падобную пазіцыю.
У перамовах аб спыненні вайны ва Украіне ЗША, паводле слоў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, займаюць тую ж пазіцыю, што і Расія, патрабуючы ад Кіева адмовіцца ад усяго Данбаса. «І амерыканцы, і расіяне кажуць: калі хочаце, каб вайна скончылася заўтра, — сыходзьце з Данбаса», — заявіў Зяленскі ў інтэрв’ю агенцтву AFP у пятніцу, 20 лютага, піша «Нямецкая хваля».
Тэрытарыяльныя пытанні застаюцца галоўным каменем спатыкнення ў перамовах аб спыненні агню, якія вядуць Масква і Кіеў пры пасярэдніцтве ЗША. Расія прэтэндуе на ўвесь Данбас, хоць яе войскі ўсталявалі кантроль толькі над часткай гэтага рэгіёна. Украіна катэгарычна адхіляе гэтыя прэтэнзіі і настойвае на замарожванні лініі фронту.
На дадзены момант Узброеныя сілы Украіны (УСУ) кантралююць каля пятай часткі Данецкай вобласці, у той час як войскі РФ занялі практычна ўсю Луганскую вобласць.
У тым жа інтэрв’ю Зяленскі выказаўся за тое, каб у выпадку спынення агню еўрапейскія войскі былі «размешчаныя паблізу замарожанай лініі судакранання».