Axios: Трамп разглядае план ліквідацыі кіраўніка Ірана Хаменеі і яго сына
- 21.02.2026, 9:19
Удар можа быць нанесены ўжо ў гэтыя выхадныя.
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа гатовая пайсці нават на прапанову, якая дазволіць Ірану «сімвалічнае» ўзбагачэнне ўрану, калі гэта не дазволіць стварыць ядзерную бомбу. Аднак у той жа час Трамп разглядае варыянты ўдару па вярхоўным лідары Алі Хаменеі і яго сыну.
Гатоўнасць ЗША пайсці на «сімвалічную» здзелку сведчыць пра магчымы прасвет паміж амерыканскімі «чырвонымі лініямі» і Іранам дзеля прадухілення вайны. Аднак ЗША гатовыя звярнуцца і да больш радыкальных дзеянняў, піша выданне Axios са спасылкай на крыніцы.
Паралельна Трампу прадставілі ваенныя планы далейшага развіцця падзей. Яны якраз прадугледжваюць ліквідацыю Алі Хаменеі разам з яго галоўным пераемнікам — сынам.
«Планка для будучай ядзернай прапановы Ірана вельмі высокая, бо план павінен пераканаць многіх скептыкаў у адміністрацыі Трампа і ў рэгіёне», — сцвярджаюць неназваныя чыноўнікі ЗША.
Іранскі бок страціць шанцы, калі «працягне гуляць у гульні», а Трамп пойдзе на такую здзелку, якую зможа «прадаць палітычна» ў сваёй краіне. Калі іранцы хочуць прадухіліць напад на іх, яны павінны прапанаваць адміністрацыі Трампа такую здзелку, ад якой ЗША не змогуць адмовіцца, кажуць чыноўнікі.
Трамп можа нанясці ўдар ужо ў найбліжэйшы час
Міністр замежных спраў Ірана Абас Арагчы у пятніцу, 20 лютага, абвясціў пра канчатковую прапанову ад краіны ўжо цягам некалькіх дзён. Аднак, як амерыканскія і ізраільскія чыноўнікі расказалі выданню, Трамп можа нанесці ўдар па Іране ўжо ў гэтыя выхадныя — 21–22 лютага.
Аднак некаторыя дарадцы спрабуюць астудзіць пыл прэзідэнта ЗША, заклікаючы яго да цярплівасці. Ці спрацуе гэта — невядома, бо Трамп у любы момант можа аддаць адпаведны загад. Амерыканскі лідар працягвае пакідаць усе прапановы адкрытымі.
Пентагон цяпер прапануе Трампу мноства варыянтаў развіцця падзей. Але ніхто не ведае, які план можа абраць палітык.
«У іх ёсць нешта для кожнага сцэнарыя. Адзін сцэнар прадугледжвае знішчэнне аяталы, яго сына і мулаў», — паведаміла адна крыніца, а іншая пацвердзіла гэтыя звесткі, заявіўшы, што такі варыянт прапанавалі прэзідэнту некалькі тыдняў таму.