Пуцін афіцыйна закрыў доступ да генетычных даных расіян
- 21.02.2026, 10:03
У Маскве баяцца, што Захад створыць «этнічную біялагічную зброю».
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін забараніў масавую перадачу біяданых расіян за мяжу.
Аб гэтым паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на расійскае агенцтва ТАСС.
Падобна, у Маскве сур'ёзна баяцца, што «падступны» Захад выкрадзе генетычны код шараговага расіяніна, каб стварыць супраць яго «этнічную біялагічную зброю».
Каб гэтага не дапусціць, Пуцін падпісаў закон, які фактычна накладае вета на перадачу вынікаў генетычных і імуналагічных даследаванняў грамадзян РФ замежным кампаніям і дзяржавам.
Іншымі словамі, цяпер ДНК расіян з'яўляецца «дзяржаўнай таямніцай» і ўласнасцю ФСБ, таму цяпер любыя масавыя даныя, атрыманыя пры вывучэнні расійскай папуляцыі, сталі «нявыязнымі».
Змены афіцыйна ўнесены ў закон «Аб дзяржаўным рэгуляванні ў галіне генаінжынернай дзейнасці».
Пад забарону трапілі:
збор і захоўванне генетычнай інфармацыі замежнікамі ў межах РФ;
перасылка і распаўсюджванне гэтых даных праз сетку;
прадастаўленне доступу да баз даных замежным юрыдычным і фізічным асобам.
Каму «можна» абысці забарону
Вядома, для чыноўнікаў, якія ўсё яшчэ хочуць лячыцца ў «загніваючай» Еўропе, пакінулі лазейкі.
Так, адправіць біяматэрыял за мяжу можна будзе, калі гаворка пойдзе пра лячэнне канкрэтнага пацыента або для распрацоўкі лекаў па спецдазволах.
У палоне ўласных фобій
Афіцыйная Масква тлумачыць такія крокі «абаронай суверэнітэту», хоць эксперты бачаць у гэтым чарговае праяўленне параноі. Яшчэ б, сусветная генетыка грунтуецца на свабодным абмене данымі, а спробы РФ «нацыяналізаваць ДНК» толькі паглыбяць яе навуковую і медыцынскую адсталасць ад цывілізаванага свету.
Гэта істотна запаволіць распрацоўку сучасных метадаў лячэння складаных захворванняў у самой РФ.
Аднак, падаецца, у РФ вырашылі, што лепш застацца без лекаў ад генетычных хвароб, чым даць свету шанец даведацца, чым насамрэч «дыхае» загадкавая руская душа на ўзроўні храмасом.