Такой лухты не нёс нават Лукашэнка
- Арцём Сініцын, «Салідарнасць»
- 21.02.2026, 11:57
Некалькі слоў пра фантазіі Мінсельгасхарча.
«Зямля корміць! Зарабляць у беларускай вёсцы ад $1000 і больш — ужо рэальнасць», — аптымістычна заяўляе Мінсельгасхарч у адным з нядаўніх прапагандысцкіх сюжэтаў.
У той самай рэальнасці, пра якую распавядаюць у ведамстве, усё больш задаволеных сваімі даходамі вяскоўцаў — бо «курс дзяржавы на выраўноўванне ўмоў жыцця ў рэгіёнах дае вынікі»:
Сітуацыя, можа і не так хутка, як хацелася б, але ўсё ж змяняецца. Разам з ёй змяняецца і якасць жыцця на сяле. Недарма ўсё часцей чуем гісторыі гараджан, якія перабіраюцца ў вёску. Мяняюцца і ўмовы працы. Магутная тэхніка, механізацыя і аўтаматызацыя сельскай гаспадаркі, новыя тэхналогіі… Адсюль і высокая эфектыўнасць працы, і прыстойныя заробкі.
Фантазіям аўтараў гэтай цытаты можна толькі пазайздросціць. Падобна, нават у Лукашэнкі, які таксама не скардзіцца на добрае ўяўленне, значна больш прыземлены погляд на сітуацыю ў вёсцы.
Ад кіраўніка мы не першы год чуем пра суцэльную адсутнасць дысцыпліны і парадку, пра кінутую пад плотам тэхніку, пра ўраўнілаўку ў заробках для гаруноў і нярадзівых работнікаў.
Так, заробкі ў $1000 і больш дайшлі і да беларускай вёскі, не прайшло і трыццаці з лішнім гадоў аперацыі па «выратавенні» сяла. Вось толькі ёсць нюанс — іх зарабляюць адзінкі ў параўнанні з асноўнай масай.
Найчасцей — цаной цяжкай працы, а часам і таму, што наймальніку трэба ўтрымаць каштоўнага работніка любой цаной. Бо не сакрэт, што з нашага вясковага «раю» бягуць не толькі ветэрынары і аграномы, але і простыя трактарысты.
У вёску і праўда перабіраюцца гараджане, але іх колькасць — нават не статыстычная памылка. Ахвотных змяніць гарадскую прапіску на сельскую нават з пад’ёмнымі ад дзяржавы — усяго толькі дзесяткі на ўсю краіну.
Якасць сельскага жыцця — рэальнае, а не ўяўнае міністэрскімі чыноўнікамі, — гэта гісторыі пра ФАПы, дзіцячыя садкі і школы, што закрываюцца. І пра цэны ў сельскіх крамах, якія могуць напалохаць і жыхароў сталіцы.
Арцём Сініцын, «Салідарнасць»