Легендарны нарвежскі лыжнік усталяваў новае дасягненне на Алімпійскіх гульнях у Італіі
- 21.02.2026, 15:23
Усяго ў нарвежца 11 залатых медалёў на Алімпійскіх гульнях.
Ёганэс Клеба шэсць разоў перамог на Гульнях у Італіі — ён зрабіў гэта абсалютна ва ўсіх дысцыплінах у праграме лыжных гонкаў. Усяго ў нарвежца 11 залатых медалёў на Алімпійскіх гульнях.
Нагадаем, пасля золата ў эстафеце Клеба ўжо перапісаў алімпійскую гісторыю. 15 лютага ён стаў дзевяціразовым чэмпіёнам і абышоў сваіх суайчыннікаў, якія перамагалі на зімовых Гульнях па восем разоў: лыжнікаў Б'ёрна Дэлі, Марыт Б'ёрген і біятланіста Уле-Эйнэра Б'ёрндалена.
На гэтым Ёганэс не супакоіўся і заваяваў яшчэ дзве ўзнагароды найвышэйшага гатунку. Агулам у нарвежца шэсць залатых медалёў на Гульнях у Італіі: у скіятлоне, індывідуальным спрынце, гонцы з раздзельным стартам на 10 км, мужчынскай эстафеце, камандным спрынце і мас-старце на 50 км. Ні ў адной дысцыпліне 29-гадовы Клеба не даў супернікам шанцу пераўзысці сябе.
Гэта была трэцяя Алімпіяда ў кар'еры Ёганэса. На Гульнях 2018 года ён тройчы стаў першым, а праз чатыры гады — двойчы. Абсалютны рэкорд па колькасці залатых алімпійскіх медалёў належыць амерыканскаму плыўцу Майклу Фелпсу — 23.