Сікорскі: Польшча выйшла з Атаўскай канвенцыі ў адказ на агрэсію РФ
- 21.02.2026, 17:26
Польшча хоча мець магчымасць выкарыстоўваць супрацьпяхотныя міны для абароны.
Рашэнне аб выхадзе з Атаўскай канвенцыі — гэта адказ Польшчы на агрэсіўныя дзеянні Расіі. Пра гэта заявіў віцэ-прэм’ер і міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.
Паводле слоў кіраўніка польскай дыпламатыі, Польшча такім чынам хоча — у выпадку пагрозы — мець магчымасць выкарыстоўваць супрацьпяхотныя міны для абароны.
«Расія не далучылася да Атаўскай канвенцыі і ўварвалася ва Украіну. Часам міны, хай то супрацьтанкавыя або супрацьпяхотныя, з’яўляюцца эфектыўным спосабам запаволіць або нават выціснуць праціўніка з пэўных раёнаў. Таму, калі наш сусед пачаў уварванне ў іншыя суседнія краіны, мы не маглі і далей заставацца ў канвенцыі, бо польскаму войску неабходны гэты інструмент абароны», — сказаў кіраўнік польскай дыпламатыі.
Варта адзначыць, што з Атаўскай канвенцыі — акрамя Польшчы — таксама выйшлі Фінляндыя, Літва, Латвія і Эстонія. Напрыканцы чэрвеня мінулага года адпаведны ўказ таксама падпісаў прэзідэнт Украіны. Пра свой намер аднавіць вытворчасць супрацьпяхотных мін і падтрымаць Украіну ў гэтым накірунку таксама заявілі Літва і Фінляндыя.