BE RU EN

У Беларусі чакаецца да +12 °C

  • 21.02.2026, 18:58

Прагноз надвор’я на найбліжэйшыя дні.

На апошнім тыдні лютага зіма зменіць гнеў на міласць: стане мякчэй, але надвор’е будзе неўстойлівым. Удзень усё часцей на тэрмометрах будзе плюс, і замест снегу — дождж. Пра тое, чаго чакаць ад прыроды з 23 лютага да 1 сакавіка, Дзмітрый Рябоў распавёў у эфіры праўладнага ОНТ.

У панядзелак у большасці раёнаў чакаецца снег рознай інтэнсіўнасці — ад умеранага да моцнага. Месцамі туман, на дарогах галалёдзіца. Уначы тэмпература паветра ад +1°C на паўднёвым захадзе да -7°C на паўночным усходзе. Удзень ад +5°C па Брэсцкай вобласці да -3°C па Віцебскай.

У аўторак ападкі пройдуць таксама ў большасці раёнаў, чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор’е. У асобных раёнах будзе згушчацца слабы туман — ён пагоршыць бачнасць да кіламетра. Таксама месцамі на дарогах і тратуарах будзе слізка. Атмасферны ціск высокі. У начныя гадзіны -4°C…+2°C, у разгар дня ад +5°C на паўднёвым захадзе да -2°C на паўночным усходзе, у цэнтральных раёнах каля нуля.

У сераду ў Беларусі чакаецца лакальны невялікі, кароткачасовы снег, мокры снег. Будзе воблачна з невялікімі праясненнямі. На дарогах месцамі галалёдзіца і туман. Тэмпература ўначы чакаецца ад +1°C на паўднёвым захадзе да -7°C на ўсходзе. Удзень найхаладней будзе ў Віцебску — да -3°C, а цяплей — у Брэсце — тут да +5°C.

У чацвер, папярэдне, без істотных ападкаў. Толькі на поўначы краіны пройдзе снег, мокры снег, месцамі туман, слабы галалёд і галалёдзіца на дарогах. Уначы тэмпература складзе -3°C…+3°C. У разгар дня чакаецца ад +2°C па Магілёўскай вобласці да +12°C на захадзе Брэсцкай і Гродзенскай.

У пятніцу на большай частцы тэрыторыі пройдуць ападкі, найбольш інтэнсіўныя — на паўночна-заходняй палове. Уначы і раніцай месцамі магчымы непрацяглы туман. Вільготнасць паветра высокая. Уначы тэмпература чакаецца ад -1°C на ўсходзе да +3°C на захадзе, а ўдзень — ад +2°C на ўсходняй палове краіны да +10°C па Брэсцкай вобласці.

У суботу — дождж, уначы магчымы мокры снег. Вецер паўднёва-заходні, парывісты. Вільготнасць да 90%. Уначы тэмпература паветра ад 0 °C на ўсходзе да +6°C на захадзе. У сярэдзіне дня ад +3°C на поўначы да +10°C на поўдні Беларусі.

У нядзелю ў большасці раёнаў пройдуць ападкі рознай інтэнсіўнасці. Уначы і раніцай месцамі туман, што пагаршае бачнасць да паўкіламетра, вільготнасць паветра да 90%. Вецер зменных напрамкаў, умераны. Уначы ад 0 °C да +5°C, у дзённыя гадзіны ад +2°C па Віцебскай вобласці да +8°C па Гомельскай і Брэсцкай абласцях.

Апошнія навіны