BE RU EN

Расія нанесла ракетны ўдар па амерыканскім прадпрыемстве ва Украіне

  • 22.02.2026, 11:13

Завод вырабляе харчовыя прадукты сусветна вядомых брэндаў.

Расія нанесла ўдар па амерыканскім бізнесе ва Украіне — грамадзянскім вытворчым прадпрыемстве кампаніі «Монделіс» у Трасцянцы — адной з першых буйных інвестыцый ЗША ў незалежную эканоміку Украіны. Пра гэта паведаміў кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга.

«Ракета трапіла ў адзін з вытворчых карпусоў. На шчасце, абышлося без ахвяр. Гэта не ваенная мэта, а завод, які працуе з 1990-х гадоў, вырабляючы сусветна вядомыя брэнды, забяспечваючы працай украінцаў, уносячы свой уклад у нашу і амерыканскую эканоміку. Калі расійскія ракеты трапляюць у такія аб’екты, яны накіраваныя не толькі на Украіну. Яны накіраваныя на амерыканскія бізнес-інтарэсы ў Еўропе. Масква не можа весці гаворку пра эканамічны дыялог са Злучанымі Штатамі, атакуючы амерыканскія вытворчыя магутнасці. Атакі на мірную прамысловасць — гэта не вайна, а мэтанакіраваны эканамічны тэрарызм. За гэтым павінна наступіць адказнасць», — заявіў Сібіга.

«Монделіс Украіна» — украінскае прадпрыемства, што ўваходзіць у Mondelez International — амерыканскую транснацыянальную кампанію, аднаго з найбуйнейшых у свеце вытворцаў харчовых прадуктаў. Валодае брэндамі Milka, Oreo, TUC, Barni, Halls і працуе больш як у 160 краінах. Ва Украіне працуе з 1995 года.

Таксама ў ноч на 22 лютага Расія атакавала беспілотнікамі энергасістэму Адэскай вобласці.

«У выніку трапленняў зафіксаваныя значныя пашкоджанні і маштабныя ўзгаранні. Ратавальнікі аператыўна ліквідавалі ўсе агмені пажару. На шчасце, абышлося без загінулых і пацярпелых», — паведамілі ратавальнікі.

У Кіеўскай вобласці ў выніку начной расійскай атакі загінуў адзін чалавек.

Апошнія навіны