Чалы: Візіт Коула ў Мінск сарваўся
- 22.02.2026, 18:55
Пасля акрыку з Масквы.
Лукашэнка настолькі хацеў паўдзельнічаць у першым пасяджэнні трампаўскага Савета міру, што ў яго ўжо былі нарыхтаваныя тэзісы выступлення перад сусветнымі лідарамі, лічыць аналітык Сяргей Чалы у свежым выпуску сваёй аўтарскай перадачы. Тэкст падае «Салідарнасць».
І паколькі дабрацца да Вашынгтона ў яго не атрымалася, выслухоўваць усё гэта давялося дзяржсакратару «Саюзнай дзяржавы» Сяргею Глазьеву, перад якім кіраўнік Беларусі апраўдваўся за кантакты з амерыканцамі.
На думку Чалага, менавіта Дональду Трампу адрасоўваўся тэзіс пра бяздзейнасць ААН: «Таму што раней афіцыйная пазіцыя Беларусі заўсёды заключалася ў тым, каб ганарыцца сваёй роляй сузаснавальніцы гэтай арганізацыі».
А цяпер Лукашэнка, паводле яго ж запэўненняў, гатовы перахрысціцца, калі знойдзецца больш дзейсная структура, бо ААН больш «нічога не вырашае».
Акрамя ўступнага славаслаўя ў неадбыўшагася госця з Мінска былі і парады для прэзідэнта ЗША, упэўнены Чалы. Пачынаючы з Грэнландыі, куды Злучаныя Штаты «маглі добра ўкласціся», але «выклікалі адпрэчанне», да, зразумела, Венесуэлы.
Эксперт нагадаў, што кіраўнік шмат гаварыў пра складаную лагістыку пералёту ў ЗША, маўляў, уся справа ў гэтым, а не ў яго страхах: «Хаця ягоныя словы пра спакойна прыляцець і спакойна адляцець — гэта зноў не пра лагістыку, а пра страхі».
Але самым гарачым момантам у растлумачальнай размове з Глазьевым былі запэўніванні, што Пуцін не забараніў Лукашэнку ляцець да Трампа. Паводле слоў Чалага, выйшла непераканаўча, хоць мінскі саюзнік Крамля і спрабаваў давесці, што ён стараецца не для сябе, а для іх.
Эксперт сцвярджае, што на гэтым тыдні ў Мінск павінен быў прыляцець спецпрадстаўнік Трампа па Беларусі Джон Коул. Але чарговы абмен палітвязняў на новую порцыю уколаў для пахудання нібыта сарваўся менавіта пасля «сяброўскага» акрыку з Масквы.