BE RU EN

«Шчучыншчына? Ніякіх праблем!»

  • 22.02.2026, 20:21

Кітаец Валянцін Сюй Байлун распавёў, як яго змяніла беларуская мова.

Беларускамоўны грамадзянін Паднябеснай Сюй Байлун напярэдадні Дня роднай мовы распавёў «Белсату», як наша мова адкрывае чалавека свету і адначасова — прыадчыняе яму доступ у самую душу суразмоўцы. Такога не робіць ні міжнародная англійская, ні «вялікая і магутная» руская. «Жыць у глабалізаваным свеце, не ведаючы роднай мовы, — гэта проста нізка», — сцвярджае наш суразмоўца.

Сюй Байлуну — 29 гадоў. Ягонае імя 柏隆 можна перакласці як «квітнеючы кіпарыс». Але ў размове з журналістамі Байлун гаворыць не пра кіпарыс, а пра сасну — такое знаёмае, сонечнае і беларускае дрэва (узгадваецца «залатую сасну не паставіш у мох на калені» Анастасіі Кудасавай). Ва ўсіх сэнсах — паднебеснае дрэва.

Вывучыўшы беларускую мову, Сюй Байлун узяў сабе, згодна з кітайскай традыцыяй, яшчэ адно імя, славянскае, — Валянцін. Прызнаецца, што асабліва не выбіраў, узяў «рандомна», не зважаючы на тое, што ў хрысціянскім свеце яно асацыюецца з патронам закаханых. Але так сталася. Кітаец Валянцін закахаўся ў беларускую мову. Падчас размовы з ім часцей ужываем ягонае славянскае імя.

«Беларуская мова адкрыла мяне свету»

«Валянцін, ты ўжо сем гадоў носіш у сабе беларускую мову. Я ўпэўнены, што новая мова заўсёды змяняе сутнасць чалавека. Як змяніла цябе наша мова?» — пытаем на пачатку размовы.

«Беларуская мова зрабіла мяне больш талерантным, больш адкрытым свету. Калі чалавек ведае толькі сваю адну мову, ён замкнёны ў сабе, ён баіцца кантактаваць з людзьмі. І мне здаецца, што дзякуючы якраз беларускай мове ў мяне цяпер няма гэтай боязі і страху, калі выходжу ў свет, у якім сустракаю людзей самых розных культур і моў», — адказвае Валянцін.

На нашу заўвагу, што чалавек адкрываецца свету перадусім праз такую ўніверсальную мову, як англійская, а не праз «камерную» беларускую, наш суразмоўца толькі ўсміхаецца.

«Але менавіта яна зрабіла мяне адкрытым. Англійская таксама адкрывае, але, здаецца мне, гэта адкрыццё вельмі павярхоўнае. Відавочна, што калі валодаеш англійскай, то можаш шмат з кім мець зносіны, але пранікнуць у глыбіню душы чалавека праз яе нельга, бо адносіны адбываюцца на паверхні, я б так сказаў. А беларуская пагружае цябе ў глыбіні суразмоўцы», — сцвярджае беларускамоўны грамадзянін Паднябеснай.

«Мне ўжо дастаткова гэтай «вялікасці» рускай мовы»

Валянцін лёгка здае наш тэст на «беларускасць» — з першага разу, выразна і з усмешкай у голасе вымаўляе: «Шчучыншчына» («Ніякіх праблем, я добра ведаю гэтую песню»). А потым распавядае, што ў кітайскай мове гук «ч’» вымаўляецца гэтак жа цвёрда, як у беларускай, украінскай і польскай. І таму кітайскія студэнты, якія вывучаюць рускую мову, маюць вялікія праблемы з артыкуляцыяй мяккага «ч’».

Прыкметна, што шлях да беларускай мовы ў кітайца Байлуна, як і ў большасці беларусаў, пралягаў праз рускую. Пасля школы ўраджэнец горада Куньмін (правінцыя Юньнань) паехаў у Пекін вывучаць філалогію. Трэба было выбраць паміж хіндзі, іспанскай і рускай. Выбраў апошнюю. Але праз чатыры гады навучання, у 2019-м, запісаўся на факультатыў беларускай мовы і ўжо цалкам аддаў сябе ёй.

«А што было не так з рускай? Тыя самыя праблемы з мяккім «ч’»?» — пытаем у Валянціна.

«Шчыра кажучы, у мяне не было з гэтым праблем. Проста мне не вельмі даспадобы шавінізм у рускай мове. У беларускай яго няма. І другі фактар: калі я вучыўся ў Кітаі, там празмерна любілі ўсё рускае. Я не хацеў падпарадкоўвацца гэтаму, як мне здаецца, стадавому інстынкту», — кажа Валянцін Сюй Байлун.

Ён тлумачыць, што людзі вакол яго часта захапляюцца рускай мовай і культурай, бо яна «вялікая», іх захапляе менавіта гэтая «вялікасць».

«Можа, гэта проста модна. Я часта задумваюся, што дакладна маецца на ўвазе пад словам «вялікі», якое нясе адну эмоцыю, і ці можа адна мова, адна культура быць «большай» за іншыя. Бо, па сутнасці, усе мовы і культуры чалавецтва роўныя. Усе мовы і культуры маюць права праяўляць сябе і распавядаць пра сябе нараўне з іншымі. І зусім не так, што «вялікае» мае права выціснуць «маленькае», а «маленькае» не вартае ўвагі. Таму я не бачу розніцы паміж «вялікай» культурай і «маленькай». Гэта абсурдна», — разважае Валянцін.

Ён кажа, што яго прыцягвае аўтэнтычнасць, а не пафасная «вялікасць» і пагардлівае стаўленне да іншых.

«Таму я вырашыў, што буду ўдасканальваць таксама рускую мову, паглыбляць разуменне гэтай культуры, але не буду ўсляпую прапагандаваць яе гэтак званую «вялікасць», якой і так дастаткова. Дарэчы, цяпер гэтая «вялікасць» здаецца знішчальнай і разбуральнай», — падсумоўвае Валянцін Сюй Байлун.

Рускай мовай ён валодае добра. Прызнаецца, што з рускамоўнымі беларусамі размаўляе па-руску. «Каб было камфортна», — удакладняе. Чым не беларус?..

У Кітаі спрабаваў гатаваць дранікі самастойна

Факультатыўныя заняткі беларускай мовы ў Пекіне вяла выкладчыца-беларуска. Яна ж параіла Валянціну паехаць па праграме абмену студэнтамі вучыцца ў Беларусь. Так ён апынуўся ў Сінявокай, дзе, гэтак жа як кожнаму беларусу, давялося адстойваць сваю беларускасць. Байлуну было цяжка зразумець, чаму, прыехаўшы практыкаваць беларускую мову ў БДУ, ён вымушаны слухаць лекцыі па-руску на «Рускай філалогіі». Не раз звяртаўся да кіраўніцтва ўніверсітэта, перакладаў з рускай на беларускую і здаваў экзамены па-беларуску. Толькі на другім семестры, дзякуючы намаганням яго навуковага кіраўніка, Валянціну дабавілі некалькі прадметаў з беларускай філалогіі. Дыпломная праца, якую ён паспяхова абараніў у Мінску, была прысвечаная назвам страў і напояў у беларускай, украінскай і рускай мовах.

«Гэта было такое параўнальнае даследаванне. Напрыклад, пра тое, чаму дранікі называюцца дранікамі ў беларускай мове. Таксама пра іншыя стравы», — тлумачыць Валянцін.

Асаблівым фанатам дранікаў, калі вучыўся ў Беларусі, ён не быў, але калі свежаспечаны магістр беларускай філалогіі вярнуўся ў 2021 годзе ў Кітай, спрабаваў некалькі разоў — з чыстай настальгіі па нашай Радзіме — гатаваць іх самастойна. Кажа, што «бацькам спадабаліся сярэдне» — у Кітаі ёсць падобная страва з цёртай бульбы, смажанай на алеі. У польскім Кракаве наш суразмоўца таксама час ад часу гатуе дранікі. Прызнаецца, што больш падабаюцца «з душамі».

У 2021 годзе, апынуўшыся на радзіме пасля Беларусі, Сюй Байлун вырашыў паехаць ва Украіну, каб вучыцца там у аспірантуры. Але ў лютым 2022-га «раптам пачалася вайна». Заставацца ў Кітаі не хацеў, бо там проста не меў куды прыкласці свае веды. А польскай мовай зацікавіўся яшчэ падчас навучання ў Мінску. Таму вырашыў працягваць вучыцца ў Польшчы. Так апынуўся ў Кракаве, дзе на ўкраіністыцы ў Ягелонскім універсітэце цяпер піша дысертацыю. Яе тэма звязаная з назвамі жывёл у беларускай, украінскай і польскай мовах. Гэта ўжо другая магістратура Валянціна Сюй Байлуна.

«Жыць у глабалізаваным свеце, не ведаючы роднай мовы, — нізка»

Свой блог у Instagram «Мовы Валянціна» беларускамоўны кітаец таксама вядзе на трох мовах. Але дамінуе беларуская. Сцвярджае, што яна «саладзей».

У адным з нядаўніх інтэрв’ю Валянцін Сюй Байлун прызнаваўся, што толькі ў Польшчы знайшоў беларускамоўных суразмоўцаў — у Беларусі такіх было мала. Сітуацыю, калі беларусы і ў эміграцыі засвойваюць польскую, англійскую, а часам і кітайскую, але не вучаць родную мову, нібыта непатрэбную ў глабалізаваным свеце, Валянцін лічыць ненармальнай.

«Я б сказаў, што ў беларусаў слабая нацыянальная ідэнтычнасць, яе пачуццё. Гэта, напэўна, вынік гістарычных падзеяў, савецкай прымусовай асіміляцыі. Але ж мы не выбіраем, якая ў нас будзе родная мова, як не выбіраем радзіму», — так гэта бачыць беларускамоўны кітаец.

«Я згодны з тым, што мова — гэта душа народа», — дадае Валянцін.

Жыць у глабалізаваным свеце, не ведаючы роднай мовы, — гэта проста нізка, лічыць наш суразмоўца. Глыбіня патрабуе ведаў пра сваё і пра сябе, таго, што вылучае цябе ў масе.

Валянцін Сюй Байлун марыць вярнуцца ў Беларусь, бо за паўтара года знаходжання ў краіне ён увесь час (панавала пандэмія) жыў у Мінску і не паспеў пападарожнічаць. «Нават на Мінскае мора не з’ездзіў», — усміхаецца.

Працаваць у вольнай і дэмакратычнай Беларусі перакладчыкам з кітайскай было б для яго ідэальным варыянтам, кажа ён. Але пакуль што Валянцін не зазірае ў будучыню, бо «цяпер яно вельмі непрадказальнае». Патроху чытае «Каласы пад сярпом тваім» (адну-дзве старонкі на дзень), паглыбляе веды беларускай, украінскай і польскай. А Дзень роднай мовы плануе правесці ў Аўстрыі, дзе збіраюцца студэнты з розных краін, што вывучаюць украінскую.

«Што пажадаеш беларусам у Дзень роднай мовы?» — пытаем на развітанне.

«Скажу гэта адным сказам. Вучай і паважай беларускую мову, каб не памерці!» — паўтарае за беларускім класікам кітайц Валянцін Сюй Байлуна, усім сэрцам закаханы ў беларускую мову.

Апошнія навіны