Лукашэнка перайшоў на трохдзёнку
- 23.02.2026, 11:34
Кіраўнік усё радзей з’яўляецца ў публічнай прасторы.
Кіраўнік з’яўляўся на публіцы ў панядзелак, аўторак і чацвер. Па іроніі лёсу, якраз на гэтым тыдні Лукашэнка, паводле заявы яго прэс-службы, быў такі заняты, што не змог паляцець да Трампа на Савет міру.
«Салідарнасць» узгадвае, чым займаўся Лукашэнка на працоўным тыдні.
Панядзелак, 16 лютага — сустракаўся з дзяржсакратаром «Саюзнай дзяржавы» Сяргеем Глазёвым. І навошта распавядаў яму, што хоча пагаварыць з Трампам пра Венесуэлу і свайго сябра Мадура: «Правялі нейкую аперацыю, схапілі чалавека. І што? Усяму свету паказалі, хто ёсць хто. А галоўнае — што далей?»
Аўторак, 17 лютага — павіншаваў Сі Цзіньпіна са Святам вясны і тры гадзіны размаўляў з урадам. Кіраўнік зноў апраўдваўся за адключэнне электрычнасці, расказваў, як сын Мікалай папракнуў яго за блекаут, узгадваў 2020 год і прыйшоў да высновы, што «калі б не было нашай пэўнай унутранай сітуацыі, ніякія б ворагі сюды не ўлезлі».
А яшчэ генераваў «геніяльныя ідэі», як усё выправіць у краіне.
Серада, 18 лютага — прэс-служба кіраўніка паведаміла, што Лукашэнка выслухаў даклад дзяржсакратара Саўбеза Аляксандра Вольфовіча аб ходзе правядзення «маштабнай праверкі баяздольнасці Узброеных Сіл». Галоўнакамандуючага чамусьці не паказалі.
Пасля гэтага беларусаў тэрмінова пачалі выклікаць у ваенкамат, дастаўляючы павесткі літаральна за некалькі гадзін да пазначанага часу з’яўлення. Сацыяльныя сеткі выбухнулі абурэннем — у тым ліку і таму, што выключэнняў не зрабілі нават для бацькоў дзяцей да трох гадоў.
Чацвер, 19 лютага — сустракаўся са спікерам сената Зімбабвэ Мэйбл Мэмары Чынамонай і абмяркоўваў будаўніцтва порта ў Афрыцы.
У пятніцу, 20 лютага, Лукашэнка на публіцы не з’яўляўся. А ў выходны выйшаў на лёд на матч з камандай Віцебскай вобласці і падпісваў кепкі са сваёй цытатай «Раздзейся і працуй».
За месяц гэта ўжо другі трохдзённы працоўны тыдзень кіраўніка-пенсіянера.