У Беларусі ўвялі абмежаванні на безлімітны інтэрнэт
- 23.02.2026, 11:34
Як толькі трафік дасягне 30 ГБ, хуткасць будзе абмяжоўвацца.
З 23 лютага ў Беларусі пачалі дзейнічаць абмежаванні на безлімітны інтэрнэт. Аб’ём трафіку застаўся тым жа, але хуткасць значна знізіцца, піша tochka.by.
Паводле пастановы Міністэрства сувязі і інфарматызацыі №38, аператары будуць абавязаныя прадастаўляць абанентам пачатковы пакет у памеры 30 ГБ трафіку на максімальнай хуткасці. А пасля перавышэння гэтага аб’ёму хуткасць злучэння пачне зніжацца.
Як толькі трафік дасягне 30 ГБ, яна будзе абмяжоўвацца, але не ніжэй за гарантаваны парог у 1 Мбіт/с.
У міністэрстве патлумачылі, што гэтыя меры прыняты з-за «значнага спажывання рэсурсаў сетак сотавай сувязі асобнымі абанентамі».
Раней пра нюансы распавёў так званы кіраўнік камісіі «палаткі» па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Юрый Панфілаў.
Абмежаванай хуткасці — 1 Мбіт/с — усё роўна хапае, каб мець зносіны ў месэнджарах, чытаць навіны і нават размаўляць па відэазванку.
«Нават меншая хуткасць дазваляе працаваць у сетцы без страты якасці. Таму ніякіх праблем не ўзнікне. У пастанове №38 ёсць агаворка: калі карыстальнік перавысіў 30 ГБ, ён можа набыць дадатковыя гігабайты — альбо па аб’ёме, альбо па часе», — дадаў дэпутат.
Акрамя таго, абмежаванні датычацца толькі мабільнага інтэрнэту, падкрэсліў Панфілаў. Для хатняга Wi‑Fi яны не дзейнічаюць — гэта правадны інтэрнэт.
«Бізнес таксама не пацерпіць. Пастанова не статычная. Мы вывучым практыку прымянення, паглядзім, як выраўнаецца сітуацыя, і павінны адчуць паляпшэнне якасці сувязі па ўсёй краіне», — адзначыў ён.
Паводле слоў Панфілава, калі тэхналогіі 4G і 5G будуць развівацца, а інфраструктурны аператар і аператары мабільнай сувязі павялічаць прапускную здольнасць, ліміт можа вырасці.