BE RU EN

ISW: Расія змяняе тактыку

  • 23.02.2026, 10:28

Будуць далейшыя атакі і замахі.

Тэракт у Львове, у выніку якога загінула 23-гадовая паліцэйская і пацярпелі больш за 20 праваахоўнікаў, паказаў, што Расія звяртаецца да эскалацыі дыверсійнай кампаніі, накіраванай на дэстабілізацыю ўкраінскага грамадства. А свае масіраваныя ўдары напрыканцы зімы РФ пераарыентуе з энергетычнай на інфраструктуру водазабеспячэння і чыгуначную інфраструктуру.

Такія высновы агучыў Інстытут вывучэння вайны ў сваім новым дакладзе.

Там нагадалі, што праваахоўнікі Украіны і Малдовы нядаўна заяўлялі пра аперацыю «Энігма 2.0» — выкрыццё арганізаванай групы, якая рыхтавала заказныя забойствы вядомых грамадзянаў Украіны, у прыватнасці прадстаўніка па пытаннях стратэгічных камунікацый ГУР МА Украіны Андрэя Юсава, журналістаў і грамадскіх дзеячаў. Служба бяспекі Украіны (СБУ) тады папярэдзіла, што Расія мае намер выкарыстоўваць гэтыя гучныя забойствы для распаўсюджвання панікі і дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай сітуацыі ва Украіне. А ў жніўні 2025 года ў Львове быў забіты былы старшыня Вярхоўнай Рады Украіны Андрэй Парубій.

Пасля новага тэракту ў Львове ў ноч на 22 лютага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі папярэдзіў, што даныя ўкраінскай разведкі сведчаць пра верагодны намер Расіі працягваць такія напады.

У ISW лічаць, што Расія і надалей будзе арганізоўваць падобныя атакі і спробы замахаў, каб дасягнуць сваёй мэты, якая заключаецца ў дэстабілізацыі Украіны. «РФ, верагодна, звяртаецца да эскалацыі дыверсійнай кампаніі, накіраванай на падрыў веры ўкраінцаў у іхнюю бяспеку і дэстабілізацыю ўкраінскага грамадства», — падкрэсліваюць аналітыкі. Яны перакананыя, што Масква таксама можа скарыстацца паведамленнямі пра такія атакі або пра затрыманні, звязаныя са зрыўам змоў, для прасоўвання наратываў, накіраваных на распаўсюджанне панікі і недаверу ў украінскім грамадстве.

Спецыялісты ISW таксама прааналізавалі новы масіраваны камбінаваны ўдар, які Расія нанесла па Украіне ў ноч на 22 лютага. Аналітыкі звярнулі ўвагу на словы Уладзіміра Зяленскага, што расійскія войскі гэтым разам атакавалі не толькі аб’екты энергетыкі, але і лагістыку, у прыватнасці аб’екты чыгуначнай гаспадаркі, і інфраструктуру водазабеспячэння ў украінскіх гарадах. Віцэ-прэм’ер-міністр Украіны Аляксей Кулеба удакладніў, што расіяне нанеслі ўдары па чыгуначнай інфраструктуры ў Данецкай, Запарожскай, Мікалаеўскай і Адэскай абласцях, пашкодзіўшы два лакаматывы.

У ISW канстатуюць, што пераарыентацыя Расіі на новыя мэты масіраваных удараў адбываецца пасля атак, накіраваных на разбурэнне энергасеткі Украіны сярод зімы. У той жа час аналітыкі перакананыя, што расіяне, верагодна, і надалей будуць працягваць намаганні па далейшым разбурэнні энергетычнай інфраструктуры Украіны шляхам дальнабойных камбінаваных удараў.

Апошнія навіны