BE RU EN

Фільм, які немагчыма аспрэчыць

  • Аляксандр Раднянскі
  • 23.02.2026, 18:13

Праўда, зафіксаваная камерай.

Учора на цырымоніі ўручэння ўзнагарод Брытанскай кінаакадэміі — BAFTA — прэмію за найлепшы дакументальны фільм атрымала стужка настаўніка з горада Карабаш Чалябінскай вобласці. Пашы (так ён сам сябе называе) Таланкіна «Mr Nobody супраць Пуціна».

У чым заслуга гэтага фільма, што стаў адным з самых рэзанансных у свеце летась?

Ён здолеў прапанаваць унікальны погляд на ўнутраныя механізмы расійскага рэжыму, які забівае многія тысячы мірных людзей ва Украіне.

У звычайнай школе ўральскага гарадка, аднаго з самых экалагічна брудных на планеце, Паша Таланкін, у строгай адпаведнасці з распараджэннем Міністэрства асветы, фіксаваў на відэа сцэны «патрыятычнага выхавання школьнікаў», але дасылаў іх… замежным прадюсарам.

У яго з’явіўся і амерыканскі су-рэжысёр Дэвід Борэнштэйн. І ўнутры аматарскіх кадраў выбудавалася сапраўдная драматургія — фільм стаў вобразам той жудаснай катастрофы, у якую пагрузілася сучасная Расія.

Фота: Alastair Grant / AP Photo

Прызнаюся, я некалькі разоў спрачаўся пра гэты фільм. З калегамі з розных краін. У тым ліку з расійскімі лібераламі.

Справа ў тым, што ў Карабашы ніхто не ведаў, што Павел здымае фільм, там думалі, што ён робіць відэазвіты для Міністэрства асветы. Таму настаўнікі так свабодна паводзілі сябе перад камерай, не саромеючыся запіхваць мілітарысцкую ідэалогію ў дзіцячыя мазгі.

Шмат хто абурыўся, маўляў, аўтар падставіў сваіх калег і дзяцей. Яны ж не давалі яму сваёй згоды на здымкі.

Не жадаючы ўступаць у дыскусію, толькі заўважу, што тэма этыкі ў дакументальным кіно такая ж старая, як і само кіно.

Памятаю, шмат гадоў таму ў кінаінстытуце мы абмяркоўвалі класічны фільм Роберта Флаэрці, зняты ў 1922 годзе — «Нанук з Поўначы». Пра жыццё эскімосаў, што насяляюць берагі заліва Гудзона ў Канадзе. Яшчэ ў 20-х гадах мінулага стагоддзя ўзніклі дыскусіі. Бо ні Нанук, ні яго плямя не давалі згоды на здымкі.

А вось фільм Флаэрці застаўся сведчаннем і помнікам іх жыцця. Іх культуры.

І фільм «Mr Nobody супраць Пуціна» застанецца неаспрэчным доказам злачынстваў пуцінскага рэжыму, якія здзяйсняюцца не толькі супраць Украіны, але і супраць уласнага народа. Прадметным і дакладным доказам.

Аляксандр Раднянскі, Telegram

Апошнія навіны