Вядомага расійскага акцёра параніла на фронце
- 23.02.2026, 18:23
Ён ездзіў на гастролі да акупантаў.
Заслужаны артыст РФ Алег Пратасаў, які даўно падтрымлівае расійскіх акупантаў і рэгулярна ездзіць да іх на перадавую, атрымаў раненне падчас чарговага ваяжу. Як акцёр распавёў расСМІ, за выступленні перад захопнікамі ён мог паплаціцца жыццём.
Пратасаў трапіў пад абстрэл у ліпені 2025 года. Тады акцёр выступіў перад салдатамі РФ і вырашыў пераначаваць у зоне баявых дзеянняў. Пакуль ён спаў, пазіцыю расійскіх вайскоўцаў пачалі абстрэльваць мінамі.
«Гэта адбылося ўначы. Пасля канцэрта мы лёглі спаць, гэта было з 18 на 19 ліпеня. Раптам побач выбухнулі дзве міны», — распавёў акцёр серыяла «Глухарь».
Жыццё расійскай зорцы ўратавала выпадковасць — ён спаў, прыкрыўшы галаву рукой. Менавіта ў руку і трапіў асколак.
«Выбуховай хваляй выбіла шыбы, асколак трапіў у руку. Мне пашанцавала: асколак не закрануў жыццёва важныя органы, я прыкрыў галаву рукой», — падзяліўся Пратасаў з прапагандысцкімі СМІ.
Акцёр серыяла «Глухарь» раней хваліўся рэгулярнымі паездкамі да акупантаў: ён пабываў на фронце ўжо 11 разоў. Свае візіты ён пачаў яшчэ ў красавіку 2022 года. Па прызнанні артыста, з цягам часу выступленняў у шпіталях яму стала недастаткова, і ён адправіўся на перадавую ў пошуках «вострых адчуванняў».