Спікер польскага Сейма: Няма вольнай Польшчы без вольнай Украіны
- 23.02.2026, 23:26
Уладзімеж Чажасты заявіў, што Варшава дапаможа Кіеву як мага хутчэй уступіць у ЕС.
Спікер Сейма Польшчы Уладзімеж Чажасты 23–24 лютага знаходзіцца з афіцыйным візітам ва Украіне. Падчас сумеснай прэс-канферэнцыі ў Кіеве са старшынём Вярхоўнай Рады Украіны Русланам Сцяфанчуком ён падкрэсліў:
«Мы хочам дапамагчы вам, каб вы як мага хутчэй змаглі ўступіць у Еўрапейскі саюз. Гэта ніякая не паслуга, бо нам дапамагалі такія краіны, як Германія, у тым ліку і з уступленнем у Еўрапейскі саюз. Дзякуючы нашаму досведу вы зможаце зрабіць гэта хутчэй. Мы можам дапамагчы вам ва ўсіх пытаннях, звязаных з атрыманнем фінансавых сродкаў для Украіны».
«Няма вольнай Польшчы без вольнай Украіны і вольнай Украіны без вольнай Польшчы», — рэзюмаваў спікер Сейма РП.
24 лютага споўніцца чатыры гады з пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны. Спікер Сейма Польшчы, працягваючы візіт ва Украіну, таксама бярэ ўдзел у мерапрыемствах з нагоды гэтай гадавіны.