BE RU EN

У Маскве каля Савёлаўскага вакзала прагрымеў выбух

  • 24.02.2026, 8:31

Загінуў супрацоўнік паліцыі.

У Маскве адбыўся выбух каля прыпаркаванага на плошчы Савёлаўскага вакзала аўтамабіля ДПС. Загінуў 34-гадовы патрульны, двое яго калегаў гаспіталізаваныя з раненнямі. Паводле папярэдніх даных, нападнік загінуў на месцы, паведамляе «Нямецкая хваля» са спасылкай на расійскія СМІ.

Невядомы падышоў да аўтамабіля ДПС, прыпаркаванага на плошчы Савёлаўскага вакзала ў Маскве, і ўчыніў выбух у ноч на аўторак, 24 лютага. Паводле даных Міністэрства ўнутраных спраў Расіі (МУС), у выніку загінуў 34-гадовы патрульны, двое яго калегаў гаспіталізаваныя з раненнямі. Першапачаткова заяўлялася, што нападнік уцёк, але, паводле апублікаваных пазней удакладненых звестак, ён загінуў на месцы.

Выбух адбыўся а 00:05 (па Мінску). Паводле даных відавочцаў, нападнік вёў здымку на тэлефон, указвае Telegram-канал «Осторожно, новости». На месца здарэння прыбыў міністр унутраных спраў Расіі Уладзімір Калакольцаў, паведамляе дзяржаўнае агенцтва «РИА Новости».

Следчы камітэт Расіі (СКР) узбудзіў крымінальную справу паводле артыкулаў аб замаху на жыццё супрацоўніка праваахоўных органаў (арт. 317 КК РФ) і аб незаконным абароце выбуховых прылад (ч. 1 арт. 222.1 КК). Пры гэтым у пасту ў Telegram-канале СКР, апублікаваным праз некалькі хвілін пасля заявы МУС аб гібелі нападніка, адзначана, што факт смерці злачынцы пакуль устаноўлены толькі «папярэдне».

Тры атакі на паліцыянтаў ва Украіне адбыліся за апошнія два дні

У ноч на 22 лютага каля гандлёвага цэнтра ў Львове прагрымелі два выбухі, у выніку якіх, паводле даных мясцовых уладаў, загінула 23-гадовая супрацоўніца паліцыі, яшчэ 25 чалавек атрымалі раненні, двое з іх — у вельмі цяжкім стане.

Праваахоўнікі ўзбудзілі крымінальную справу па факце тэракту і затрымалі падазраваную — 33-гадовую жыхарку горада Костополь у Ровенскай вобласці. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што за тэрактам стаіць расійскі бок, а выканаўцаў завербавалі праз Telegram.

Увечары 23 лютага выбухі прагрымелі ў Мікалаеве і Дніпры. У першым горадзе пры выбуху на непрацуючай АЗС раненні атрымалі сем паліцыянтаў. Падзею кваліфікавалі як тэракт. У Дніпры выбух адбыўся ў аддзяленні паліцыі, ніхто не пацярпеў.

Кіраўнік Нацпаліцыі Украіны Іван Выгоўскі назваў тое, што адбылося ў Мікалаеве, мэтанакіраванай атакай на праваахоўнікаў і звязаў гэты выбух з тэрактам у Львове. «Гэта не супадзенне. Пасля нядаўняга тэракту ў Львове вораг спрабуе расхістаць сістэму правапарадку», — заявіў Выгоўскі.

Апошнія навіны