BE RU EN

Сям'я беларусаў вырашыла не браць іпатэку і жыве ў кантэйнеры

  • 24.02.2026, 8:37

Сям'я лічыць, што гэта не проста дом, а інвестыцыя.

Аляксей і Алена тры гады таму вымушана пераехалі з Беларусі ў Польшчу. Калі паўстала пытанне з жыллём, вырашылі не браць іпатэку, а набыць участак і пасяліцца ў кантэйнеры. Сваю гісторыю яны расказалі тэлеграм-каналу пра фінансы ў Польшчы Złoty Dzik.

— Мы ўжо не дваццацігадовыя. У Беларусі ў нас было жыллё, маёмасць, уладкаванае жыццё. Але абставіны склаліся так, што ўсё давялося прадаць. Прадавалі хутка і нявыгадна. За атрыманыя грошы маглі дазволіць сабе купіць «аднапакаёўку» пад Варшавай без рамонту, але нам гэта зусім не падыходзіла, — кажа Алена.

Сям'я атрымала дазвол ад МУС і набыла ўчастак. Далей галоўнай задачай стала як мага хутчэй пазбавіцца ад дарагога здымнага жылля. Тады вырашылі паставіць дом з кантэйнера і пераехаць.

— Сітуацыя была настолькі цяжкай, што пакуль я была ў дэпрэсіі, мужу даводзілася быць моцным за дваіх. Каб пачаць будоўлю на ўчастку, патрэбна была іпатэка. А гэта тысяча долараў арэнды плюс паўтары тысячы на крэдыт — практычна ўвесь наш даход. Таму мы вырашылі закрыць пытанне здымнага жылля і пераехаць на свой участак, — кажа Алена.

Сям'я лічыць, што кантэйнер — гэта не проста дом, а інвестыцыя, бо яго можна перавезці куды заўгодна.

— Магчыма, будзем жыць у Італіі. А можа, калі-небудзь зноў у Беларусі. Усё можа быць, — кажа Алена.

Як выбіралі кантэйнер

Кантэйнеры ў Польшчы прадаюцца на OLX, іх можна шукаць на складах і па аб'явах.

— У кожнага кантэйнера ёсць пашпарт: год, гісторыя, колькі разоў ён перасякаў мора. Найдаражэйшыя — тыя, што перасеклі мора ўсяго адзін раз. Розніца ў цане можа дасягаць некалькіх тысяч долараў. Плюс да пазначанай цаны заўсёды трэба дадаваць 23% VAT, — кажа Алена.

Паводле яе слоў, добрыя кантэйнеры разбіраюць хутка, асабліва калі яны без дэфектаў і ўмяцін. Таму сям'я шукала тыя, дзе ўмяціны былі з таго боку, дзе планаваліся вырэзы пад вокны і перагародкі. У выніку два трохгадовыя кантэйнеры ўдалося купіць за 17 300 злотых (4,8 тысячы долараў).

Пра каментары і «нармальнасць»

Паводле слоў Аляксея, у сацсетках ім часта пісалі, што яны «нішчэброды», «з глузду з'ехалі», «нармальны дом не пацягнулі».

— Толькі ёсць два факты. Першы: мы ўжо будавалі звычайныя дамы і жылі ў кватэрах. Мы ведаем, як гэта робіцца. Другі: пасля сарака з лішнім пачынаеш цаніць не квадратныя метры, а свабоду. Іпатэка на 20–30 гадоў «як у людзей» для нас — гэта нестабільнасць і залежнасць. Гэта дзесяцігоддзі працы дзеля сцен, якія, як паказала жыццё, можна страціць за адзін дзень, — кажа мужчына.

Апошнія навіны