BE RU EN

Ганьбовае кляймо на Лукашэнку

  • Андрэй Кныш, «Салідарнасць»
  • 24.02.2026, 9:12

Чатыры грані вайны, у якую дыктатар уцягнуў Беларусь.

У чацвёртую гадавіну поўнамаштабнага ўварвання расійскіх акупантаў ва Украіну «Салідарнасць» разважае пра тое, чым гэтая вайна стала для Беларусі і беларусаў.

Каму вайна, а каму і маці родная

Ці хацеў Лукашэнка, каб расійскія войскі атаквалі Украіну з тэрыторыі Беларусі? На гэтае пытанне можа адказаць толькі ён сам. Мы ж праз чатыры гады можам з вялікай доляй упэўненасці казаць пра тое, што гэтая вайна яму не чужая.

Ён можа колькі заўгодна апраўдвацца, што даведаўся пра ўварванне з газет. Можа працягваць імітаваць сарказм, пераймаючы заходніх лідараў, якія назвалі яго саагрэсарам. Але факты — упартая рэч.

Магчыма, кіраўнік Беларусі быў не ў захапленні ад планаў крэмлёўскага саюзніка, але наўрад ці ёсць сэнс рабіць выгляд, што ён пра іх зусім нічога не ведаў.

«Як бы каму ні хацелася, мы вернем нашу Украіну ў лона нашага славянства. Мы гэта абавязкова зробім», — Аляксандр Лукашэнка, 28 студзеня 2022-га

За некалькі дзён да ўварвання Лукашэнка і дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вольфовіч ціснулі рукі расійскім вайскоўцам, у тым ліку і тым, хто неўзабаве адзначыўся масавымі забойствамі мірных жыхароў Бучы.

Раніцай 24 лютага 2022-га калоны вайсковай тэхнікі зайшлі ва Украіну, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі. Адсюль на Гастомель вылецелі верталётныя групы. З тэрыторыі нашай краіны да кастрычніка 2022-га па ўкраінскіх гарадах запускаліся расійскія «Іскандэры».

З першых дзён вялікай вайны Беларусь выконвала ролю тылавой базы: тут базаваліся рэзервовыя сілы, сюды адпраўлялася на рамонт і абслугоўванне тэхніка, гомельскія і мазырскія бальніцы прымалі першых параненых акупантаў. На нашых палігонах беларускія інструктары навучалі мабілізаваных расіян.

І ўсё гэта нельга было арганізаваць сітуацыйна, у апошні момант. Да гэтага доўга і старанна рыхтаваліся. І наўрад ці гэта можна было схаваць ад таго, хто ўтрымлівае ўладу ў краіне.

Асобна нагадаем пра фільтрацыйны лагер у Нараўлі для вывезеных з Украіны грамадзянскіх і вайсковых, у якім акупанты практыкавалі катаванні.

А таксама пра тое, як Лукашэнка і ягонае атачэнне саўдзельнічаюць у фактычным выкраданні ўкраінскіх дзяцей — гэтай ганьбовай гісторыі ў нас прысвечаны цэлы раздзел.

Правячы рэжым не проста саўдзельнічае ў агрэсіўнай вайне, ён зарабляе на крыві ўкраінцаў. У Беларусі вырабляюць узбраенне для акупантаў, шыюць для іх форму. Беларускія тавары завозяць у акупаваныя ўкраінскія гарады.

Вайна супраць свайго народа

Для нас гэтыя чатыры гады сталі вайной супраць уласнага народа. І зноў факты. Уцягнуўшы краіну ў чужую вайну, Лукашэнка на доўгія гады запляміў яе рэпутацыю. Санкцыі ўжо ёсць, яны надоўга. А наперадзе могуць замаячыць і рэпарацыі.

Над Беларуссю, як у сябе дома, лётаюць расійскія беспілотнікі. Некаторыя з іх ужо ўпалі, на шчасце, абышлося без сур'ёзных наступстваў. Але хто ведае, колькі яшчэ будзе цягнуцца такая ўдача?

У любым выпадку, шматгадовы міф Лукашэнкі пра «мірнае неба» пахаваны яго ж стараннямі. Больш за тое, ён сам намаляваў на карце краіны тлустую мішэнь, афіцыйна запрасіўшы сюды расійскую ядзерную зброю. Можна колькі заўгодна распавядаць, што ўсё гэта дзеля абароны ад недобразычліўцаў, — па факце беларусы падстаўлены пад удар дзеля чужых інтарэсаў.

З апошніх трывожных навін: расіяне больш за паўгода выкарыстоўваюць вышкі сотавай сувязі ў Беларусі для каардынацыі удараў беспілотнікаў па ўкраінскіх гарадах. Гэта стала адной з падстаў для ўвядзення Кіевам санкцый у дачыненні да Лукашэнкі.

Уладзімір Зяленскі адназначна папярэдзіў, што Мінск рызыкуе нарвацца на адказныя меры. Улічваючы, што апошнія распрацоўкі ўкраінскага абаронпрома сёння пераадольваюць звыш тысячы кіламетраў, гэта папярэджанне — зусім не пусты гук.

У гэтай вайне супраць свайго народа лукашэнкаўскія сілавікі, канчаткова ператварыўшыся ў карнікаў, паводзяць сябе як акупанты на чужой зямлі. Прастрэленыя калені, катаванні, збіццё, непамерныя турэмныя тэрміны — за спробы перашкодзіць забойствам суседзяў, за данаты, каментары і плакаты «Не вайне».

Вайна з мінулага супраць будучыні

Гэтыя чатыры гады запомняцца скочваннем у масавую мілітарызацыю грамадства, у перамогабессе маскоўскага разліву.

Лукашэнка, як і Пуцін, выкарыстоўвае памяць пра Другую сусветную вайну, каб замазаць і апраўдаць свой уласны саўдзел у сённяшняй вайне. Цынічная эксплуатацыя мінулага дасягнула свайго піку ў 80-ю гадавіну перамогі над нацызмам.

У Беларусі, быццам грыбы, растуць псеўдапатрыятычныя клубы для падрастаючага пакалення. Рэжым прэстарэлага вождзя выкарыстоўвае дзяцей у сваіх гульнях, пагражаючы іх будучыні вайной з мінулага.

Чужая вайна

Прагучыць наіўна, але гэта факт — у беларусаў ніхто не пытаў ні парады, ні меркавання, ці варта аддаваць сваю краіну чужому войску пад плацдарм для атакі на суседзяў.

Раніцай 24 лютага 2022-га мы прачнуліся ў новай рэальнасці, дзе Беларусь, адна з найбольш пацярпелых краін у Другой сусветнай вайне, у мінулым краіна-партызанка, ператварылася ў дзяржаву-саагрэсара.

Праз чатыры гады, насуперак намаганням пуцінскай і лукашэнкаўскай прапаганды, беларусы ў сваёй пераважнай большасці не хочуць удзельнічаць у гэтай вайне.

А што да Лукашэнкі, то ён ужо ўвайшоў у гісторыю ў ролі саўдзельніка ў ганьбовай вайне. І гэта заканамерная плата за шматгадовыя абмены суверэнітэта краіны на ўтрыманне ўлады.

Андрэй Кныш, «Салідарнасць»

Апошнія навіны