BE RU EN

Беларуска за $8 тысяч купіла права жыць колькі заўгодна ў кватэры ў Польшчы

  • 24.02.2026, 10:46

Што гэта за опцыя?

Валянціна заплаціла 29 тысяч злотых за права жыць у двухпакаёвай кватэры ў Лодзі, аплачваючы ў асноўным толькі камунальныя паслугі. Жыллё патрабуе сур'ёзнага рамонту, набыцця мэблі і тэхнікі, але жанчыну гэта не палохае. Яна вядзе блог пра жыццё ў Польшчы і ў ім падрабязна распавяла пра незвычайную форму набыцця жылля, піша Most.

— Насамрэч кватэра не мая, — кажа ў відэа Валянціна. — Але я аддала за яе 29 тыс. злотых, каб жыць у ёй столькі, колькі мне спатрэбіцца. <�…> То-бок я магу жыць у гэтай кватэры ўсё астатняе жыццё.

Што такое жыллё за адступнае

Спосаб атрымання жылля, пра які кажа Валянціна, называецца набыццём «за адступнае» (za odstępne). Гэта асобная форма арэнды, калі за пэўную суму, якая выплачваецца аднаразова і не вяртаецца пры скасаванні дамовы, патэнцыйны арандатар атрымлівае права пражываць у кватэры на нявызначаны тэрмін з гарантыяй нізкай арэнднай платы.

Юрысты часта кажуць, што «продаж за адступнае» наўпрост не рэгламентаваны Грамадзянскім кодэксам, некаторыя лічаць, што гэты від здзелак балансуе на мяжы закона. Тым не менш, улічваючы, што закон прадугледжвае свабоду дамоваў, такая здзелка не з’яўляецца нелегальнай і ўжываецца ў Польшчы. На платформах аб'яваў перыядычна трапляюцца прапановы кватэр «за адступнае». Калі гэта не субарэнда муніцыпальнага жылля (якая можа быць прызнаная незаконнай, бо горад заключае дамову з канкрэтным наймальнікам, і той не мае права перадаваць права найму), такія дамовы маюць права на існаванне.

Паводле свайго кантракту Валянціна змагла аформіць на сябе дамовы з пастаўшчыкамі электраэнергіі і газу, што, паводле яе слоў, сведчыць, што дакумент законны. Таксама, як правіла, такія дамовы даюць магчымасць на неабмежаваны тэрмін зарэгістравацца ў жыллі.

«Робіце тут што хочаце»

Валянціна распавяла ў блогу, што прапаноў кватэр «за адступнае» нямала, але знайсці прымальны варыянт — «яшчэ трэба пастарацца». Яна паўгода шукала кватэру, якая б яе задаволіла. Напрыклад, на рынку шмат кватэр з электрычным ацяпленнем — беларуска папярэджвае, што камунальныя плацяжы ў такіх будуць вельмі высокімі. Нямала і прапаноў з высокай стаўкай адміністрацыйнага чыншу. Блогерка падлічыла, што такая кватэра абыходзілася б зімой у 2500 злотых, што не мае сэнсу — гэта прыблізна адпавядае кошту звычайнай арэндаванай кватэры па рыначнай стаўцы і без усялякіх адступных.

У выніку беларуска знайшла ў Лодзі прыдатную кватэру. Яе плошча — 35–36 кв. метраў. Гарачай вады няма, але ўсталяваны бойлер. У кватэры асобная кухня, сумешчаны санвузел і два пакоі — гасцінная з двума вокнамі і невялікая спальня. Вялікі пакой — прахадны, але беларуска жыве з дачкой, таму разлічвае змяніць планіроўку і зрабіць у меншы пакой асобны ўваход. Яна ўжо пагаварыла пра гэта з уладальнікам — і ён, паводле яе слоў, сказаў: «Робіце тут усё, што хочаце».

За такое жыллё беларуска будзе плаціць 500 злотых чыншу і аплачваць камунальныя паслугі. Па яе падліках, за ўсё выйдзе максімум 1200 злотых у месяц.

Перад заключэннем дамовы Валянціна цікавілася, ці не пойдзе дом пад знос, — уласнік запэўніў яе, што калі б знос планаваўся, яму б не далі дазволу заключаць дамову. Да таго ж нядаўна ў доме замянілі вокны — паставілі пластыкавыя — і правялі цэнтральнае ацяпленне.

Уласнік жылля — прыватнік, ён валодае ўсім шматкватэрным домам (камяніцай), які здае па-кватэрна.

Валянціна прызнае, што кватэра «ў жахлівым стане, трэба рабіць рамонт», але жанчына настроеная рашуча і ўжо замовіла першую тэхніку для абуладкавання жылля.

Апошнія навіны