Белгідрамет раптоўна абвясціў аранжавы ўзровень небяспекі
- 24.02.2026, 11:41
З-за туману.
Белгідрамет раніцай 24 лютага раптоўна павысіў узровень небяспекі з жоўтага да аранжавага для большай часткі Беларусі. Пагрозу для 6,8 млн беларусаў уяўляе туман, які захаваецца да вечара аўторка.
Аранжавы ўзровень небяспекі сіноптыкі абвясцілі для Брэстчыны, Віцебшчыны, Гродзеншчыны і Міншчыны. У суме ў гэтых рэгіёнах (разам з Мінскам) пражывае 6,8 млн чалавек, паводле звестак Белстата.
Бачнасць у туманах складзе ўсяго 100–500 метраў, таму вадзіцелям і пешаходам варта быць надзвычай уважлівымі на дарогах. Небяспечны туман у Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях захаваецца да 21-й гадзіны 24 лютага.
Тым часам на Гомельшчыне і Магілёўшчыне застаецца жоўты ўзровень небяспекі. Разам з ім — галалёдзіца па ўсёй рэспубліцы.