BE RU EN

Фіцо і Орбан заганяюць свае краіны ў пастку

  • Пётр Алешчук
  • 24.02.2026, 11:54

Украіна ў гэтай гісторыі дакладна не выглядае вінаватай.

Напярэдадні 4-й гадавіны пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну дзве краіны Еўрапейскага саюза (Венгрыя і Славакія) выступілі з жорсткімі прэтэнзіямі да Кіева, абвінавачваючы Украіну ў тым, што яна «спыніла транзіт» расійскай нафты і тым самым нібыта паставіла пад удар іх энергетычную бяспеку. У ход пайшлі пагрозы спыніць экспарт дызельнага паліва і электраэнергіі ва Украіну, заблакаваць новыя санкцыі супраць Расіі і нават еўрапейскі крэдытны пакет для Кіева. У іх рыторыцы прагучала простая, але вельмі зручная формула: «Украіна вінаватая ў тым, што нам бракуе расійскай нафты».

Калі, аднак, адысці ад эмоцый і ўважліва разабраць ланцужок падзей, стане відавочна, што прэтэнзіі да Украіны не проста бязасноўныя, яны хаваюць значна глыбейшую праблему. Добраахвотную залежнасць Браціславы і Будапешта ад расійскай нафты.

Адпраўной кропкай цяперашняга крызісу стала атака Расіі на інфраструктуру Украіны. У канцы студзеня 2026 года расійскі ракетна-беспілотны ўдар па аб'ектах на захадзе Украіны пашкодзіў участак нафтаправода «Дружба». Пасля ўдару пракачка была спыненая. Фізічна працягваць транзіт па пашкоджанай трубе аказалася немагчыма. Іншымі словамі, гаворка ідзе пра класічны форс-мажор. Тым не менш менавіта Украіна апынулася «вінаватай» у словах кіраўнікоў Венгрыі і Славакіі.

Венгерскія і славацкія ўлады заявілі пра спыненне экспарту дызельнага паліва на ўкраінскі рынак, наўпрост звязаўшы гэта з прыпыненнем паставак расійскай нафты па «Дружбе». Славацкі прэм'ер Роберт Фіцо пайшоў яшчэ далей і выставіў ультыматум. Маўляў, калі транзіт не будзе адноўлены ў найкарацэйшыя тэрміны, Славакія спыніць пастаўкі электраэнергіі ва Украіну. На гэтым фоне венгерскі прэм'ер Віктар Орбан абвясціў пра намер блакаваць новы пакет санкцый ЕС супраць Расіі і выдзяленне буйнага крэдытнага пакета для Украіны, пакуль па трубе зноў не пацячэ расійская нафта.

У афіцыйных заявах гэтыя крокі падаюцца як вымушаныя меры. Маўляў, Украіна «зацягвае рамонт», свядома тармозіць аднаўленне транзіту і такім чынам гуляе з энергетычнай бяспекай суседзяў. Аднак факты сведчаць пра іншае. Нафтаправод быў пашкоджаны не ў выніку аднабаковага рашэння Украіны, а ў выніку расійскага ўдару. Рамантаваць інфраструктуру ў зоне, якая рэгулярна абстрэльваецца, — гэта не проста тэхнічная задача, а пытанне бяспекі людзей, а таксама гарантый таго, што адрамантаваны ўчастак не будзе знішчаны наступнымі ракетамі. У падобных умовах любыя тэрміны аднаўленчых работ непазбежна расцягваюцца, і ніводзін адказны аператар не будзе даваць палітычных абяцанняў, ігнаруючы фактар вайны.

Паралельна ў самой Славакіі ўжо кажуць пра пераарыентацыю на альтэрнатыўныя пастаўкі праз іншыя напрамкі, у тым ліку праз харвацкі тэрмінал на Адрыятыцы. Улады заяўляюць, што гатовыя часова выкарыстоўваць стратэгічныя запасы і перайсці на новыя лагістычныя ланцужкі. Гэта азначае, што пры жаданні і палітычнай волі ў Браціславы ёсць магчымасць зменшыць залежнасць ад «Дружбы», не ператвараючы Украіну ў інструмент ціску.

Еўрапейская камісія, ацэньваючы сітуацыю, не ўбачыла непасрэднай пагрозы энергетычнай бяспецы гэтых дзвюх краін і выразна дала зразумець, што не збіраецца ціснуць на Кіеў, каб навязаць яму паскораны рамонт нафтаправода цаной бяспекі. З маральнага пункту гледжання прэтэнзіі Венгрыі і Славакіі выглядаюць яшчэ больш сумнеўна. Амаль усе краіны ЕС за апошнія гады радыкальна скарацілі або ўвогуле спынілі імпарт расійскіх энергарэсурсаў. Гэта быў цяжкі, але свядомы выбар на карысць стратэгічнай бяспекі і салідарнасці з дзяржавай, якая стала ахвярай агрэсіі.

Будапешт і Браціслава настойліва дамагаліся для сябе выключэнняў, захоўваючы залежнасць ад «Дружбы» і працягваючы купляць нафту ў краіны, якая вядзе вайну на знішчэнне супраць іх суседа і фармальнага партнёра па ЕС. Калі ж Расія сама ўдарыла па трубе, гэтыя ўрады не накіравалі гнеў на Крэмль, а скіравалі яго на Кіеў.

Такі падыход не толькі амаральны, ён ідэальна ўпісваецца ў стратэгію Крэмля, які гадамі спрабуе пасварыць саюзнікаў унутры ЕС.

Але гісторыя з «Дружбай» — гэта не толькі пра справядлівасць або несправядлівасць адносна Украіны. Гэта гісторыя пра тое, як дзве краіны свядома зайшлі ў энергетычную і палітычную пастку. У той час як большасць еўрапейскіх дзяржаў паступова зніжалі залежнасць ад расійскіх рэсурсаў, Венгрыя і Славакія захоўвалі стаўку на танную нафту з Расіі, атрымліваючы кароткатэрміновыя эканамічныя перавагі, але робячы сваю энергетыку закладніцай адной крыніцы. Любая няспраўнасць (тэхнічная, ваенная або палітычная) аўтаматычна ператвараецца для іх у крызіс.

Цяпер, замест таго каб прызнаць гэтую стратэгічную памылку і зрабіць рывок да сапраўднай дыверсіфікацыі, іх урады трацяць палітычны капітал на шантаж уласных партнёраў па ЕС і ціск на Украіну. Такая лінія паводзінаў непазбежна вядзе да ізаляцыі ўнутры самога Еўрапейскага саюза. У эканамічным плане гэтая стратэгія таксама выглядае прайгрышнай. Нават калі «Дружбу» ўдасца адрамантаваць, агульная тэндэнцыя застанецца нязменнай. ЕС будзе працягваць палітыку адмовы ад расійскіх энергарэсураў, кампаніі па-ранейшаму будуць з асцярожнасцю ставіцца да інвестыцый у краіны, занадта цесна звязаныя з Масквой, а кожны новы крызіс будзе паступова падштурхоўваць венгерскую і славацкую эканомікі да больш балючага і рэзкага разрыву з «таннай» нафтай.

Парадакс у тым, што краіна, якая ўжо чацвёрты год жыве ва ўмовах паўнамаштабнай вайны, дэманструе гатоўнасць да энергетычнай трансфармацыі і інтэграцыі ў агульнаеўрапейскую палітыку бяспекі, тады як некаторыя яе партнёры па Саюзе трымаюцца за «сяброўства» з расійскай нафтай.

Украіна ў гэтай гісторыі дакладна не выглядае вінаватай. Яна — транзіцёр, па тэрыторыі якога ідзе вайна, краіна, якая прапануе рашэнні і нясе найбольшыя страты. А вось урады Венгрыі і Славакіі сапраўды заганяюць свае краіны ў пастку.

Пётр Алешчук, прафесар Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, спецыяльна для сайта Charter97.org

Апошнія навіны